Юры Захаранка

7 траўня 1999 г. бясьследна зьнік генэрал Юры Захаранка, беларускі палітык, былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін зь лідараў апазыцыі прэзыдэнту А. Лукашэнку.

Паводле існуючай інфармацыі, Юры Захаранка быў выкрадзены, катаваны і забіты паводле загадаў людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Юры Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну.

У 1977 г. скончыў Валгаградскую вышэйшую школу МУС СССР. З 1977 года — сьледчы ў Сьветлагорску (Прапойску), Гомелі, начальнік сьледчага аддзелу.

У 1987 г. скончыў Акадэмію МУС СССР. З 1989 — намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама. У 1990 годзе ўдзельнічаў у апошнім XXVIII зьездзе КПСС. З 1991 — намесьнік начальніка Міжрэгіянальнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР.

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі з 1992 — начальнік Сьледчага ўпраўленьня, затым Сьледчага камітэта МУС РБ.

Пасьля перамогі А. Лукашэнкі на выбарах прызначаны Міністрам унутраных спраў РБ, атрымаў тытул генэрал-маёра ўнутранай службы.

У 1995 г. праз канфлікт з А. Лукашэнкам звольнены з пасады міністра, паніжаны ў званьні і звольнены з МУС РБ.

Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сілавых службаў, пасьля звальненьня займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Актыўна ўдзельнічаў ў публічных акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1996 года — член Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З лютага 1998 года ў складзе Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазыцыяй — старшыня камітэта па бясьпецы.

Бясследна зьнік 7 траўня 1999 года. У 2000 годзе сям’я Ю. Захаранкі пакінула Беларусь і атрымала палітычны прытулак у Нямеччыны.

Паводле сьведчаньня колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асобаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле іншых сьведчаньняў, перад сьмерцю Захаранку катавалі, выбіваючы прызнаньне ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Цела Захаранкі меркавана было сакрэтна спаленае ў Паўночным крэматорыі Менску.

Афіцыйна абставіны забойства так і не былі высьветленыя. У студзені 2003 года Пракуратура г. Менска прыпыніла расьсьледаванне крымінальнай справы па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Хто забіў генэрала Юрыя Захаранку: фільм Паўла Шарамета (на расейскай мове)

https://www.youtube.com/watch?v=xi7iP_MmsYY

Юры Захаранка пра карупцыю сярод лукашэнкаўскай намэнклятуры

“Банда” – фільм тэлеканалу “Белсат” пра эскадроны сьмерці ў Беларусі ў канцы 90-х

Захаранка пра Аляксандра Лукашэнку – фрагмэнт фільму “Звычайны прэзыдэнт” Ю. Хашчавацкага

You may also like...