Язэп Мамонька
28 студзеня 1889 г. у Слуцкім павеце нарадзіўся Язэп Мамонька, член Прэзыдыюма Рады БНР, беларускі палітык, вайсковец, палітычны вязень у царскай Расеі, Польшчы і СССР.
У 1907—1917 член партыі эсэраў. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў.
Падчас I Сусьветнай вайны мабілізаваны ў расейскае войска, малодшы унтэрафіцэр.
У траўні 1917 г. стварыў у Рызе першае беларускае вайсковае аб’яднаньне. Дэлегат ІІІ зьезда Беларускай Сацыялістычнай Грамады (кастрычнік 1917) ад 12-й арміі, сябра ЦК БСГ.
У сьнежні 1917 г. Мамонька – адзін з арганізатараў і дэлегатаў 1-га Усебеларускага зьезда. Член Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Арыштоўваўся савецкімі ўладамі 18.12.1917 і ў 1918 г.
У 1918—1924 член БПС-Р, уваходзіў у яе кіраўніцтва, з 1921 член бюро ЦК.
Са сьнежня 1919 – член Прэзыдыюма Рады БНР.
Быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасьля вызваленьня жыў у Коўна.
У пачатку 1921 г. прыехаў у Менск дзеля каардынацыі незалежніцкага падпольля ў Заходняй Беларусі. У сакавіку 1921 г. арыштаваны бальшавікамі, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 г. высланы ў Казань, адкуль уцёк і вярнуўся ў Коўна.
У канцы 1922 г. выехаў у Чэхаславаччыну. Скончыў 3 курсы камэрцыйнага інстытута ў Празе. Удзельнічаў у 2-й Усебеларускай канфэрэнцыі (1925) у Бэрліне, на якой выступіў супраць роспуску ўрада БНР і перадачы мандату ўладам марыянэткавай БССР.
У верасьні 1928 г. атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу, 11 верасьня 1928 г., быў арыштаваны ГПУ і адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 г. пастановай Калегіі ОГПУ СССР прыгавораны да 10 гадоў лягераў.
2 верасьня 1937 г. пастановай “тройкі” НКВД Комі АССР Язэп Мамонька прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Архангельская вобл., Расея).