Янка Чарапук
24 жніўня 1896 г. у Сакольскім павеце нарадзіўся Янка Чарапук (Змагар) — дыплямат БНР, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, арганізатар беларускага жыцьця ў Чыкага.
У 1914 г. скончыў прыватную мужчынскую гімназію Відэмана ў Пэтэрбургу. Навучаўся на юрыдычным факультэце Пэтэрбурскага Ўнівэрсытэту.
Пасля Лютаўскай Рэвалцыі 1917 г. ініцыятар стварэння ў Пэтэрбургу грамадзкай культурна-асьветнай арганізацыі “Вольныя беларусы”, супрацоўнічаў з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі. Быў сакратаром пэтэрбурскага прадстаўніцтва Цэнтральнай Украінскай Рады.
Пазьней у Кіеве, працаваў у Міністэрстве замежных справаў Украінскай Народнай Рэспублікі, таксама ў 1918 годзе быў чальцом Беларускай Рады на Ўкраіне.
З канцу 1918 г. – у Беларусі, напрыканцы 1918 быў сакратаром Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сябра БПСР. Друкаваўся ў газетах “Беларусь” і “Родны край” (Гродна), “Наша думка”.
З канца 1919 жыў у Рызе. Сакратар Беларускай Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі й Эстоніі. Сябра Народнай Рады БНР.
У жніўні 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзяржаўнай канфэрэнцыі балтыйскіх дзяржаваў. У 1921 прызначаны сакратаром Дыпляматычнай місіі БНР у Коўне. Удзельнічаў у Беларускай нацыянальна-палітычнай канфэрэнцыі ў Празе ў 1921 годзе.
У 1922 выехаў у ЗША, жыў у Чыкага. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускага народнага камітэту ў штаце Ілінойс, Беларуска-Амэрыканскага нацыянальнага клюбу. Да сваёй сьмерці актыўна ўдзельнчаў у жыцьці беларускай дыяспары, падтрымліваў цесныя сувязі зь беларускімі асяродкамі ў іншых краінах, збіраў грошы для матэрыяльнай падтрымкі беларускага студэнцтва і школьнінтва.
Памёр у 1957 г.