Зварот Старшыні Рады БНР да прэзідэнцкіх выбараў 2001 г.
Дарагія мае суродзічы, браты і сёстры беларусы!
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ад якіх будзе залежаць Ваша далейшае жыцьцё, калі ня ўся будучыня краіны, хочацца падзяліцца з Вамі думкамі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якой я маю вялікі гонар быць у гэтым мамэнце старшынёй, змагаецца ад 1918-га году за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Шмат суродзічаў загінула ў гэтым змаганьні. Людзі аддавалі сваё жыцьцё за свабоду Беларусі зь верай, што “загляне сонца і ў наша ваконца”, з надзеяй, што ў беларускай незалежнай дзяржаве народ будзе гаспадаром свайго лёсу, а не рабом у імпэрыі, якая ўжо два стагодзьдзі вынішчае ўсе беларускае.
Ведаю, што на працягу цэлых дзесяцігодзьдзяў мінулага веку Вам гаварылі, што Вы як нацыя не жыцьцяздольныя, што Вы не дасьцё сабе рады бяз гэтак званай “братняй” дапамогі і Вам на працягу трох пакаленьняў угаворвалі, што нідзе так добра не жывецца як у “шырокой стране родной”, але не давалі Вам пабачыць, як жыве рэшта сьвету… Людзей прывучылі маўчаць, калі арыштоўвалі іхных суседзяў, калі вывозілі ў Сібір, калі вынішчалі родную культурную спадчыну і родную мову. Шмат хто так зжыўся з падобным зьдзекам над людзьмі і нацыяй, што дасюль верыць у той мітычны Саюз, які цяперашні дыктатар Лукашэнка абяцае адрадзіць.
У намаганьні прадоўжыць сваю ўладу, ён хапаецца за выпрабаваныя мэтады забароны свабоднай інфармацыі, штрафуе, канфіскуе, арыштоўвае, фізычна зьнішчае апанэнтаў, абмяжоўвае дэкрэтамі правы чалавека і свабоду слова. У Канадзе, дзе я жыву, нельга сабе ўявіць, каб кандыдаты на высокае дзяржаўнае становішча ня мелі такога ж доступу да радыё, тэлебачаньня, як і той, хто пры ўладзе. У Беларусі ж гвалт з боку дзяржаўнае ўлады над свабодай інфармацыі дайшоў на неверагодных памераў.
Таму я зьвяртаюся да Вас, маіх братоў і сясьцёр, у гэтую гістарычную часіну. Не магу пагадзіцца з тым, каб над Вамі зьдзекаваліся, адбіралі Вашу людзкую і нацыянальную годнасьць. Каб выганялі пакрысе Вашых найбольш здольных сыноў і дачок, так як вывозілі іх калісь на Сібір. Каб Вас недакормлівалі, бо так лягчэй над Вамі зьдзекавацца: не застанецца сілаў бараніцца. Усе тыраны так аслаблялі людзей у няволі. Бо людзі, якія нармальна жывуць, пачынаюць задумоўвацца над сваім лёсам, пачынаюць дамагацца волі.
Надыходзіць час выбару альтэрнатывы дасюлешняму рэжыму ўціску, нішчэньня матэрыяльных і духоўных рэсурсаў Беларусі ды адлучэньня ад цывілізаванага сьвету. Кожны голас важны ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Не змарнуйце яго. Ідзеце на выбары. Перамога дэмакратычных сілаў прыйдзе тым хутчэй, чым больш актыўным будзе кожны з Вас. Толькі ад Вас, выбарцаў, залежыць будучыня беларускай дзяржавы, будучыня Вашых дзяцей і ўнукаў. Да выбару Вас забавязвае памяць пра ўсіх тых, што аддалі жыцьцё за свабоду Бацькаўшчыны.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Атава, Канада, 3 верасьня 2001 г.