17 верасьня: Дзень узьяднаньня пад адным акупантам
Далучэньне Заходняй Беларусі да БССР не прынесла вызваленьня. Тэкст раднага БНР Алеся Чайчыца.
У Беларусі 17 верасьня прынята лічыць паўафіцыйным «Днём узьяднаньня».
Але насамрэч, па іроніі, няма іншай даты ў беларускай гісторыі, якая б пакідала такое дваякае, такое «падзеленае» пачуцьцё, як гэты самы «Дзень узьяднаньня».
З аднаго боку, лічыцца, што ўзьяднаньне Беларусі ў рамках адной адміністрацыйнай адзінкі – гэта добра. Нават калі адкінуць савецкі прапагандысцкі дыскурс, сапраўды немалаважна, што амаль уся беларуская супольнасьць нарэшце апынулася ў рамках адных дзяржаўных межаў. Скончылася польская акупацыя дэ-юрэ заходняй часткі Беларускай Народнай Рэспублікі, падчас якой беларусы сутыкаліся з жорсткай дыскрымінацыяй. Вядома, што да 1939 году на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зачыненыя ўсе беларускія школы, зь легальнага поля польскімі ўладамі выціснутыя ўсе беларускія палітычныя арганізацыі, а многія беларускія дзеячы сядзелі за кратамі за сваю палітычную дзейнасьць.
Між тым, ніякага вызваленьня, ніякай палёгкі, далучэньне Заходняй Беларусі да марыянэткавай БССР у складзе таталітарнай савецкай імпэрыі не прынесла. Разам з узьяднаньнем на Заходнюю Беларусь прыйшлі масавыя рэпрэсіі, калектывізацыя і русіфікацыя. Нічога гэтага не было ў «панскай Польшчы», дзе, між іншым, адкрытыя беларускія незалежнікі нават абіраліся ў Сойм.
Згубіўшы галаву, па валасах ня плачуць: расстраляным у Курапатах, сасланым у Сыбір і Казахстан беларусам напэўна ж было б лепей жыць пры тройчы праклятай «Другой Рэчы Паспалітай», чым загінуць у СССР. І нават нацыянальная заходнебеларуская інтэлігенцыя лепей бы жыла ў падзеленай Беларусі, чым гінула ва «ўзьяднанай».
Адзінае, чаго не шкада ў дадзенай сытуацыі, дык гэта польскую дзяржаву і пакрыўджаны польскі нацыянальны гонар. Жахлівыя ахвяры, якія Польшча панесла ў Другой Сусьветнай Вайне, гэта таксама вынік і ўласнага польскага «Пакту Молатава-Рыбэнтропа» з Савецкім Зьвязам – Рыскай мірнай дамовы 1921 года, якая і ўсталявала раскол Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю. Польская дзяржава не захацела тады прызнаваць Беларусь і лічыцца зь яе інтарэсамі? Польшча адмовілася прызнаваць паўнамоцтвы дэлегацыі БССР на перамовах у Рызе, а дэлегацыя ад БНР нават не была запрошаная да дыялёгу? У такім выпадку не выпадае абурацца з таго, што з польскімі інтарэсамі ў нейкі момант гэтаксама не палічыліся.
Дык якую ацэнку мы можам даць падзеям 17 верасьня 1939 году?
Лепш бы Заходняя Беларусь была вызваленая брытанцамі ці амэрыканцамі, а не саветамі. А яшчэ лепей – вызвалілася б сама.
А склалося так, што індывідуальнаму чалавеку ўзьяднаньне прынесла адно ліха замест іншага, прычым ліха часта яшчэ большае, чым была польская акупацыя.
Злачынства на злачынства. Забойства на забойства. У 1921 годзе злачынства зьдзейсьнілі палякі, у 1939 удвая болей злачынстваў зьдзейсьнілі нацысты і СССР. Пладзілі і пладзілі зло на няшчаснай беларускай зямлі ў той чорны час яе гісторыі.
Крыніца: Наша Ніва, 17.09.2014
https://nn.by/?c=ar&i=135439