РАДА БНР АДНАЎЛЯЕ ЎЗНАГАРОДЫ – РЭЗАЛЮЦЫЯ СЭСІІ РАДЫ
Рэзалюцыя
XXIX чарговай сэсіі
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Аб узнагародах Беларускай Народнай Рэспублікі
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі,
– Зважаючы на дэкрэт Прэзыдэнта Рады БНР ад 1 верасьня 1949 г. і Статуты ўзнагародаў БНР, якія ўвайшлі ў сілу 5 жніўня 1951 г. і апублікаваныя ў газэце “Бацькаўшчына” № 7-8 1952 г.;
– Беручы пад увагу зьмены гістарычных абставінаў, у якіх патрабуюць адзначэньня заслугі перад беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі;
– З увагі на факт, што ўлады, якія пануюць сёньня ў Беларусі, у палітыцы адзначэньня заслугаў кіруюцца пераважна палітычнымі інтарэсамі рэжыму А. Лукашэнкі, без выключэньняў дыскрымінуючы палітычных апанэнтаў А. Лукашэнкі, і ігнаруюць такія заслугі, як у справе супраціву савецкай акупацыі Беларусі, змаганьня за незалежнасьць і яе ўмацаваньне, барацьбы за аднаўленьне дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасьці, абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў, адраджэньня і разьвіцьця беларускай несавецкай культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны ў многіх аспэктах, валянтэрскай і дабрачыннай дзейнасьці;
– Беручы пад ўвагу, што ўлады ў Беларусі ў рамках акрэсьленай вышэй палітыкі скасавалі ордэн Кастуся Каліноўскага ў 2004 г., якім маглі адзначацца многія з пералічаных вышэй карэгорыяў заслугаў,
– Беручы пад увагу, што многія рашэньні А Лукашэнкі аб наданьні ўзнагародаў адыёзным прадстаўніком паноўнага рэжыму, а таксама шэрагу замежных фігураў, азначаюць дыскрэдытацыю адпаведных узнагародаў у вачох беларускага грамадзтва патрыятычнай, дэмакратычнай і нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі ў Беларусі і ў замежжы:
Пастанаўляе:
- Пацьвердзіць дзейснасьць названых вышэй актаў 1949 і 1952 гг., а таксама ўсіх нададзеных на іх падставе ўзнагародаў;
- Зрабіць зьмены ў Статуты ўзнагародаў БНР, забясьпечыўшы магчымасьць адзначэньня заслугаў беларусаў і замежнікаў перад беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, а таксама гуманітарныя заслугі, у гістарычных абставінах нашага часу;
- Прэзыдыюм сфармуе працоўную групу па падрыхтоўцы праекту адпаведных зьменаў і дапаўненьняў і прыйме адпаведныя бюджэтныя рашэньні;
- На рэкамэндацыі Прэзыдыюму, Старшыня Рады БНР сваім дэкрэтам ўвядзе папраўкі ў названыя вышэй акты 1949 і 1952 гг. ў сілу, сфармуе ворганы для выкананьня.
19 сакавіка 2016 г.