Пачатак масавых дэпартацый з Заходняй Беларусі: 10.02.1940
10 лютага 1940 г. адбылася першая хваля масавых дэпартацый з Заходняй Беларусі, зьдзейсьненых савецкімі акупацыйнымі ўладамі пасьля далучэньня гэтага рэгіёна да СССР.
Дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны Савецкага Саюза (Сыбір, Казахстан і інш.) былі адным са сродкаў рэпрэсій, што выкарыстоўваліся савецкай акупацыйнай уладай з мэтаю зьнішчэньня цэлых пластоў грамадзтва, патэнцыйна неляяльных да савецкай улады.
Рэпрэсіям падлягалі людзі перадусім паводле свайго сацыяльнага стану: заможныя сяляне і прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства, супрацоўнікі польскіх органаў улады, польскія асаднікі і іншыя. У савецкай, постсавецкай і польскай гісторыяграфіях гэтыя падзеі прынята абазначаць як “дэпартацыю польскіх грамадзянаў” ці “дэпартацыю палякаў”, хаця большасьць дэпартаваных з тэрыторыі Беларусі складалі карэнныя жыхары Беларусі.
Маёмасьць дэпартаваных канфіскоўвалася. Людзям даваліся лічаныя гадзіны на зборы і дазвалялася браць з сабою толькі мінімум асабістых рэчаў. Перавозка сасланых адбывалася пад канвоем у вагонах для быдла, сотні людзей загінулі загінулі пад час перавозкі ў бесчалавечых умовах.
Дэпартацыі з Заходняй Беларусі адбываліся ў чатыры этапы.
Першая дэпартацыя была зьдзейсьненая 10 лютага 1940 г., калі 33.749 польскіх асаднікаў і 17.561 службоўцаў лясной варты былі вывезеныя ў Сыбір і Казахстан.
Другая дэпартацыя была зьдзейсьненая 13 красавіка 1940 г., калі былі вывезеныя 26.777 чалавек, галоўным чынам — паліцыянты, ураднікі, настаўнікі, сьвятары, удзельнікі антысавецкага руху і сябры некамуністычных партый.
Трэцяя дэпартацыя (29 чэрвеня 1940 г.) распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводзтваў Польшчы (22.879 чалавек). Пераважную большасьць сярод іх складалі этнічныя габрэі, якія беглі ў Заходнюю Беларусь ад насоўваючыхся нацыстоўскіх войскаў, якія згодна з савецка-нямецкай дамовай занялі тэрыторую Польшчы да Бугу.
Чацьвёртая дэпартацыя адбывалася ў чэрвені 1941 г., за лічаныя дні да пачатку савецка-нямецкай вайны. У гэтую хвалю зь Беларусі было вывезена 22.353 чалавекі.
Такім чынам, агулам за 1940-1941 гады толькі з заходняй часткі Беларусі ў аддаленыя, часта мала прыдатныя для жыцьця, раёны СССР, было дэпартавана ня менш за 120 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж складае агульная колькасьць дэпартаваных, расстраляных і прызваных у войска па ўсіх краінах Балтыі за той жа самы час.
Дэпартацыі насельніцтва з падкантрольнай савецкай Расеі часткі Беларусі адбываліся з пачатку трыццатых. Да далучэньня Заходняй Беларусі з БССР ў аддаленыя часткі СССР былі дэпартаваныя 86 тысячаў чалавек, пераважна ў рамках кампаньні па калектывізацыі і “раскулачваньня” сялянства.
Матар’ялы па тэме:
Игорь Мельников. КАТЫНЬ. Депортация населения Западной Беларуси, 1940-1941 годы (на расейскай мове)
Игорь Мельников. Четыре круга ада (на расейскай мове)
Геноцид белорусского народа: 75 лет со дня массовой депортации белорусов в Сибирь (на расейскай мове)