25 ЖНІЎНЯ, ДЗЕНЬ ГІСТАРЫЧНАЙ ПЕРАМОГІ БЕЛАРУСАЎ. ЗАЯВА РАДЫ БНР

У гэты дзень 30 гадоў таму Беларусь зноў стала незалежнай дзяржавай пасьля больш як 70 гадоў савецкай акупацыі.

Здабыцьцё дзяржаўнага сувэрэнітэту сталася вынікам барацьбы, якую беларусы вялі цягам многіх пакаленьняў. Тысячы нашых землякоў ахвяравалі сваім жыцьцём і свабодай дзеля таго, каб зрабіць Беларусь самастойнай агульнапрызнанай дзяржавай нароўне з іншымі.

25 жніўня 1991 году наш народ дасягнуў гэтае мэты.

Сёньня мы сьвяткуем ня проста абвяшчэньне, але аднаўленьне незалежнасьці Беларусі. Дзяржаўнасьць беларускага народу мае тысячагадовую гісторыю, якая ўключае Полацкае і іншыя старажытныя княствы, Вялікае княства Літоўскае, а таксама першае адраджэньне беларускай дзяржавы ў якасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Наш народ як ніводзін іншы ў Эўропе ведае цану страты незалежнасьці. Калі краіна захопленая і падзеленая суседнімі імпэрыямі, ёй вельмі складана вярнуцца да самастойнасьці. Жыхары гэтай краіны вымушаныя пакутаваць, цярпець зьнявагу і страты. Сёньняшні аўтарытарны рэжым у Беларусі таксама зьяўляецца прамым наступствам 70-гадовай акупацыі, дзесяцігодзьдзяў тэрору і антыбеларускай савецкай прапаганды.

Нам удалося адрадзіць нашую незалежную дзяржаву. Гэта вялікая нашая гістарычная перамога. І тым пільней беларусы павінны даражыць атрыманай незалежнасьцю, не даваць ставіць яе пад пагрозу ані вонкавым недобразычліўцам, ані несумленным палітыкам унутры Беларусі.

Перад Беларусьсю цяпер стаіць гэтакая ж сама важная гістарычная задача здабыць сабе дэмакратыю і свабоду. Беларускі народ дастойны іх, і гэтую задачу ён у стане вырашыць. Няхай памяць пра адраджэньне незалежнасьці і гонар за нашую перамогу ў 1991 годзе натхняюць нас у гэтым.

You may also like...