У НЬЮ-ЁРКУ ПРАЙШЛА СЭСІЯ РАДЫ БНР
Удзельнікі Сэсіі абмеркавалі ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі і міжнародную абстаноўку ў рэгіёне.
Былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў, у тым ліку рэзалюцыя “Аб уцягваньні Беларусі ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі”, у якой Рада выказвае занепакоенасьць здольнасьцю Ўзброеных Сілаў Беларусі ў цяперашнім іх стане абараніць незалежнасьць дзяржавы і патрабуе як мага хутчэйшага вываду расейскіх ваенных аб’ектаў зь Беларусі.
У асобнай рэзалюцыі аб стаўленьні Захаду да рэжыму А. Лукашэнкі Рада БНР крытыкуе цяперашнюю палітыку ЭЗ адносна Беларусі як недальнабачную і асуджае зьняцьцё санкцый без выкананьня афіцыйным Менскам ранейшых патрабаваньняў адносна дэмакратызацыі і правоў чалавека.
Таксама былі прынятыя рэзалюцыя з нагоды 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і рашэньне аб узнагародах Рады БНР.
Акрамя гэтага ў ходзе працы Сэсіі была дадаткова ўзгаданая нядаўняя рэзалюцыя Рады БНР, у якой патрабуецца неадкладнае вызваленьне расейскімі ўладамі ўкраінскага афіцэра Надзіі Саўчанка.
У ходзе Сэсіі былі заслуханыя справаздачы Старшыні, Скарбніка і профільных Сакратарыятаў, а таксама былі абмеркаваныя ўнутраныя пытаньні працы Рады БНР. На пасаду Старшыні Рады БНР была пераабраная Івонка Сурвіла. Першым Намесьнікам Старышыні быў пераабраны Сяргей Навумчык, Намесьнікамі пераабраны Вячка Станкевіч і абраны Мікола Пачкаеў.
Камэнтуючы вынікі працы Сэсіі, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла адзначыла:
“У цяперашні час, калі ўзмацняюцца агрэсіўныя памкненьні Расеі, роля Рады БНР як легітымнага прадстаўніка інтарэсаў незалежнай і вольнай Беларусі робіцца важнейшаю. Рада надалей працягвае сваю працу згодна з мандатам Усебеларускага Зьезду 1917 г. і трыма Устаўнымі граматамі 1918 г.”
Сэсія Рады БНР – найвышэйшая інстанцыя ў працы Рады. Паводле Статуту Рады БНР, Сэсіі праходзяць кожныя два гады. Матар’ялы XXIX Сэсіі будуць даступныя цягам некалькіх дзён.