Доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, VI Старшыня Рады БНР.
Нарадзіўся 10 лютага 1903 у Будславе.
Пачатковую адукацыю атрымаў ў Будславе, а ў 1922 годзе скончыў Віленскую Беларускую Гімназію. У 1926 годзе скончыў вучобу ва Ўнівэрсытэце Карла IV у Празе. У сьнежні 1932 года пацьвердзіў свой дыплём ва Ўнівэрсытэце Стафана Батуры ў Вільні.
З маладога ўзросту актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху. У 1927-39 гадах выкладаў гісторыю, беларускую мову і літаратуру ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Таксама быі выкладчыкам беларускай мовы ў Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі і ў Вышэйшай Школе Палітычных Навук у Вільні.
30 верасьня 1939 года, праз два тыдні пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР, арыштаваны НКВД. Яго трымалі ў розных турмах: Лукішскай, Беластоцкай, Вялейскай, Мінскай, Полацкай і ў Воршы. У 1940 годзе асуджаны на 8 гадоў канцлягероў. У лягерах працаваў на будоўлі чыгункі ад Белага мора да паўночнага Урала.
Вызвалены ў 1942 годзе пасьля польска-савецкай дамовы аб вызваленьні польскіх грамадзян з лагероў. У 1942 годзе ўступае ў польскае войска генэрала Андэрса, якое было ў складзе восьмай Брытанскай Арміі. Ваюе ў Іраку, Палестыне, Эгіпце. Удзельнічае ў знакамітай бітве пад Монтэ Касіна, дзе загінула шмат беларусаў.
Пасля вайны эміграваў у Ангельшчыну, дзе арганізоўвае і ўзначальвае Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Пазьней пераязджае ў Таронта (Канада), ва Ўнівэрсытэце ў Атаве здабывае навуковую ступень доктара філязофіі. На працягу многіх гадоў – лідар беларускай грамады ў Канадзе.
У 1954 годзе – адзін з заснавальнікаў Радыё “Вызваленьне”.
У 1970 годзе абраны Старшынём Рады БНР, потым пераабраўся на гэтую пасаду яшчэ раз і занімаў яе да 1982 года.
Памёр 14 лютага 1989 году, пахаваны на беларускіх могілках Жыровіцкай Божай Маці ў ЗША.