Вацлаў Іваноўскі

7 чэрвеня 1880 г. у Лідзкім павеце нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, міністар асьветы БНР у 1918 г., беларускі палітык і грамадзкі дзеяч.

Скончыў Пэтэрбурскі тэхналягічны інстытут. З 1904 па 1913 год займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пэтэрбургу.

Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасьля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасьветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасьцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

У 1904—1905 гадах чалец ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаваньні партыйнай друкарні ў Менску і выдавецтва «Грамада» ў Пэтэрбургу. На пачатку 1906 году ўзначаліў створанае ім у Пэтэрбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газэтамі «Наша доля» і «Наша Ніва».

У 1913—1915 гадах В. Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у сельскагаспадарчым таварыстве, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, судзейнічаў заснаваньню беларускай кнігарні Вацлава Ластоўскага. У сакавіку — верасьні 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасьці і жыў у Расеі. Завочна абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Рамана Скірмунта.

Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 году ўключыўся ў палітычную дзейнасьць, удзельнічаў у Першым Усебеларускім Зьездзе 1917 году ў Менску.

У 1918 В. Іваноўскі стаў міністрам асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўзначальваў А. Луцкевіч.

У сьнежні 1918, пасьля адступленьня нямецкіх войск, застаўся ў Менску разам зь Язэпам Лёсікам, А. Уласавым і некаторымі іншымі чальцамі Рады БНР, спадзяючыся на стварэньне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў горад Смаленск.

Пасьля вызваленьня В. Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Менскага губэрнскага камісарыята асьветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восеньню 1919 году, пераканаўшыся ў памылковасьці арыентацыі на Савецкую Расею, Вацлаў Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй. У лютым — сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэньне фэдэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэньнем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім пэдагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь».

У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.

Пасьля падзелу Беларусі ў выніку Рыскага мірнага дагавора вярнуўся да навуковай працы. У 1922—1939 займаў пасаду прафэсара Варшаўскага палітэхнічнага інстытуту.

Пасьля заваяваньня Польшчы нацысцкай Нямеччынай, восеньню 1939 году Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні, дзе выкладаў ва ўнівэрсытэце.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі В. Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. У 1943 зьяўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генэральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова быў намесьнікам старшыні Беларускага навуковага таварыства. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

6 сьнежня 1943 году Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты бязь лекарскай дапамогі і назаўтра памёр. Арганізатарамі забойства паводле розных вэрсій лічуцца савецкія ці польскія партызаны альбо – зь ведама і згоды нацыстаў – Радаслаў Астроўскі, які спаборнічаў з Іваноўскім за ўладу ў Беларусі.

Вацлаў Іваноўскі пахаваны ў Менску на Кальварыйскім цьвінтары.

Пахаваньне Вацлава Іваноўскага (кінахроніка)

Фільм тэлеканалу “Белсат” пра Вацлава Іваноўскага

https://www.youtube.com/watch?v=04qvwqU_LU8

You may also like...