«Аўтарытарны рэжым разглядае суверэнітэт Беларусі як прадмет для гандлю» – Вячаслаў Бортнік

Інтэрвію Сакратара Рады БНР Вячаслава Бортніка парталу “Сильные новости”.

***

У вераснi, падчас свайго вiзiта ў Беларусь, рэдакцыю «Моцных навін» наведаў наш зямляк, былы гамяльчук Вячаслаў Бортнiк, якi зараз з’яўляецца сакратаром Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Спадар Бортнiк нарадзiўся ў Гомелi, дзе жыў да 2013 года. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Мае дыпломы магістра палітычных навук і дзяржаўнага кіравання ЕГУ і Амерыканскага ўніверсітэта (Вашынгтон). Вучыўся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску. Скончыў шэраг мiжнародных праграм па правах чалавека ў Манрэалі, Жэневе, Сан-Паўлу i Варшаве. У Беларусі працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў вёсцы Насовічы (Добрушскі раён), дзіцячым псіхолагам у Гомелi, выкладаў псіхалогію ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, кансультаваў недзяржаўныя арганізацыі.

У беларускім праваабарончым руху з 1995 года. З 2002 па 2006 ўзначальваў Беларускі філіял Amnesty International. У эмiграцыi з 2013 года. З чэрвеня 2015 — сябра Галоўнай Управы Беларуска-амерыканскага Задзiночання, З 2015 па 2017 — намеснiк старшыні. З 2016 па 2017 працаваў адным з кіраўнікоў Беларускага інстытута Амерыкі. У сакавiку 2016 года абраны Сакратаром Рады БНР. У лiпенi 2017 года абраны ў склад Вялiкай Рады Задзiночання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Мы папрасiлi спадара Вячаслава расказаць пра дзейнасць Рады БНР сёння.

Рэспубліка Беларусь — агульнапрызнаная дзяржава з амбасадамі, гербам, сцягам, урадам, парламентам. Навошта нам урад у выгнанні? Рада БНР — самы стары ўрад у выгнанні, і ня факт, што гэта — нагода для гонару. Можа, пара скласці паўнамоцтвы?

Канечне ж, роля і функцыі Рады БНР змяніліся ў параўнанні з часамі савецкай акупацыі Беларусі (а мы расцэньваем перыяд уваходжання Беларусі ў СССР як акупацыю). Калісьці Рада выконвала функцыі папулярызацыі Беларусі ў свеце — цяпер гэтым сапраўды займаюцца перадусім амбасады Рэспублікі Беларусь, якія маюць штат супрацоўнікаў і шчодрае фінансаванне.

Таксама Рада была адзіным увасабленнем альтэрнатывы вобразу таталітарнай і русіфікаванай БССР — цяпер жа ёсць дэмакратычная апазіцыя ўнутры Беларусі, якая супрацьстаіць дыктатуры і прэтэндуе на ўладу.

Але Беларусь так і не перайшла на шлях дэмакратычнага развіцця, забуксавала на шляху ператварэння з савецкай правінцыі ў еўрапейскую дзяржаву. Больш за тое, яе незалежнасць застаецца пад пагрозай з-за таго, што ўлада непадкантрольная народу і займаецца небяспечнымі вонкавапалітычнымі аванцюрамі. Таму Рада БНР застаецца патрэбнаю і працягвае сваю працу.

Чым практычна займаецца Рада БНР сёння?

У Рады БНР ёсць некалькі сучасных іпастасяў, некалькі асноўных функцый, якія яна выконвае.

Па-першае, ёсць фармальны, юрыдычны бок. Рада БНР — часовы найвышэйшы дзяржаўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, чыя задача забяспечыць фармаванне на тэрыторыі незалежнай Беларусі дэмакратычнага дзяржаўнага ладу. Першапачаткова задачай Рады БНР было правядзенне беларускага Ўстаноўчага Сойму, на якім бы прынялі Канстытуцыю, на базе якой потым прайшлі б дэмакратычныя выбары ў пастаянныя органы ўлады.

З таго часу, як вядома, нейкая Канстытуцыя была ўсё ж неяк прынятая, нейкія беларускія органы ўлады неяк былі сфармаваныя. Праблема толькі ў тым, што ўсе гэтыя Канстытуцыя і органы ўлады, увесь палітычны рэжым у Беларусі не носяць дэмакратычны характар. Фармальна дэмакратычная Канстытуцыя на самой справе не выконваецца, плюс аўтарытарны рэжым утварае непасярэднюю пагрозу незалежнасці Беларусі, бо разглядае суверэнітэт нашай краіны як аб’ект для гандлю з Расіяй. Адпаведна, місія Рады БНР застаецца не выкананая.

Па-другое,

Рада БНР — гэта самая старая дзеючая палітычная і ўвогуле арганізаваная структура Беларусі.

За дваццатае стагоддзе праз Беларусь прайшло некалькі войнаў і некалькі рэвалюцыяў. Загінулі сотні тысячаў людзей, цалкам знік цэлы пласт беларускага грамадства — габрэі, якія стагоддзямі займалі важнае месца ў беларускім жыцці. У Еўропе ці Амерыцы ёсць кампаніі і грамадскія арганізацыі, якім можа быць па дзвесце і трыста гадоў. Ёсць маёмасць — дамы, зямля — якія належаць той жа самай сям’і стагоддзямі. У Беларусі такога няма: не засталося ніякіх грамадскіх арганізацый, часцяком і прыватнай уласнасці, старэйшых за 100 гадоў. А Рада БНР засталася, і гэта само па сабе робіць яе важнай нематар’яльнай гістарычнай каштоўнасцю. Рада БНР — носьбіт традыцый беларускага незалежніцкага дэмакратычнага руху, увасабленне пераемнасці паміж беларускімі незалежнікамі пачатку XX стагоддзя і людзьмі, якія працягваюць барацьбу за дэмакратычную самастойную Беларусь сёння.

Па-трэцяе,

Рада БНР — гэта глабальнае аб’яднанне беларускіх актывістаў у замежжы і галоўная беларуская лабісцкая структура ў замежжы.

Раднымі звычайна робяцца людзі, якія праявілі сябе ў якасці арганізатараў беларускага грамадскага і палітычнага жыцця і якія пры гэтым застаюцца па-за сферай уплыву аўтарытарнага рэжыму, які пануе ў Менску. Сяброўства ў Радзе БНР — гэта з аднаго боку ганаровы тытул для такіх людзей, а з другога боку — магчымасць для скаардынаваных дзеянняў, абмена думкамі, дэкларавання пэўнай супольнай пазіцыі. Сябры Рады сустракаюцца з прадстаўнікамі ўрадаў краінаў, дзе жывуць, пішуць лісты, усяляк забяспечваюць, каб тэма Беларусі была на парадку дня.

Супраца з амерыканскімі спецслужбамі таксама ў гэта ўваходзіць? Пра гэта пішуць амерыканскія архівы, рассакрэчаныя нядаўна.

У нас гэткая інфармацыя звычайна інтэрпрэтуецца праз прызму савецкай прапаганды, маўляў, ёсць «советская Родіна», і ўсе, хто выступае ці тым болей змагаецца супраць камуністычнага рэжыму, — гэта нейкія фашысты, дэманы і здраднікі. Поўнае глупства і свядомая хлусня.

Рада БНР ні ад каго не залежыць і ніякага вонкавага фінансавання не атрымоўвае. Яна кіруецца ў сваёй дзейнасці выключна нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

Ніхто, ані ЗША, ані хто яшчэ, не дыктуе нам, што рабіць. Наадварот, гэта мы спрабуем дапамагчы дэмакратычным краінам мець аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі і як трэба дзейнічаць у дачыненні да яе.

Недобразычліўцы абвінавачваюць Раду ў супрацоўніцтве з фашыстамі ў час Другой Сусветнай вайны, і кажуць, што некаторыя радныя сапраўды былі калабарацыяністамі. Што скажаце на гэта?

Рада БНР ніколі не мела ніякіх стасункаў і ніякага супрацоўніцтва з нацыстоўскай Германіяй. Гэта неаспрэчны гістарычны факт. Нацысты спрабавалі схіліць Раду да супрацы, пасля акупацыі Прагі, дзе яна тады базавалася, але ў іх нічога не атрымалася.

Такія будучыя дзеячы Рады БНР, як Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Лявон Рыдлеўскі, айцец Аляксандар Надсан і іншыя, ваявалі супраць нацыстаў на Заходнім фронце.

Так, нямала беларускіх палітыкаў у той час пагадзіліся на супрацу з Гітлерам, пабачыўшы савецкі тэрор і думаючы, што Гітлер — меншае зло ў параўнанні з Сталіным. Гэта, ў любым выпадку, была іхная жахлівая памылка. Але да Рады БНР як да інстытуту прэтэнзій быць не можа. Рада БНР у сваіх заявах адназначна асуджае і гітлерызм, і савецкі камунізм.

Як наконт тэлеграмы Кайзеру Вільгельму? Раду БНР абвінавачваюць у гэтым.

Гэта стары прапагандысцкі прыём: зваліць у адну купу Гітлера і Кайзера, пасля чаго раздзмюваць нейкія ілжывыя беспадстаўныя эмоцыі на гэтым фоне.

Рада БНР тады спрабавала ўсталяваць кантакт з усімі сіламі, каб дамагчыся прызнання Беларусі як сувярэннай дзяржавы. Прапаганда не любіць згадваць, што Рада БНР мела асабістыя перамовы з кіраўніцтвам Савецкай Расіі, з Пілсудскім, з Украінай. Не, яны згадваюць толькі гэтую тэлеграму.

Германія ў той час дала афіцыйнае прызнанне Польшчы, краінам Балтыі і Ўкраіне, і нашым папярэднікам было цалкам лагічна паспрабаваць дабіцца прызнання і Беларусі. Тагачасныя нямецкія акупанты — гэта не тое ж, што нацысты трыццацю гадамі пазней. Ніякіх маштабовых вайсковых злачынстваў немцы падчас той акупацыі не здзейснялі, у той час, як расейскае царскае войска бегла з Беларусі, пакідаючы за сабой руіны і пажарышчы. Таму ў кантактах з тагачаснымі немцамі нічога дрэннага няма.

Увогуле, крытыкі разважаюць з пазіцый таго, што Беларусь — частка Расіі і таму не мусіла мець уласную пазіцыю, а павінна была слухацца і праліваць кроў ці то за расійскіх бальшавікоў, якія яе аддалі немцам паводле Брэсцкага міру, ці то за расійскіх «белых», якіх на Беларусі не было ўвогуле ніколі. Гэта глупства. Рада БНР рабіла ўсё слушна.

Добра, але лічыцца, што Рада БНР перадала паўнамоцтвы БССР у 20-я гады. Як быць з гэтым?

У 1924 годзе паўнамоцтвы склала не Рада БНР, а сфармаваны ёй Урад БНР, які ёй падпарадкаваўся. У многіх беларускіх дзеячоў тады стварылася ілюзія, што ў БССР можна пабудаваць сапраўдную беларускую дзяржаву, многія вярнуліся ў Менск, каб развіваць там навуку, адукацыю, эканоміку. Усіх гэтых людзей савецкія акупанты знішчылі ў трыццатыя гады. Але Рада БНР засталася.

Пра Раду мала чуваць у СМІ. Чым канкрэтна яна займаецца зараз і будзе займацца ў будучыні? Як Рада БНР плануе ўзяць уладу ў Беларусі?

Рада БНР не прэтэндуе на ўладу ў Беларусі: для гэтага ёсць дэмакратычныя сілы ўнутры самой Беларусі. Рада застаецца носьбітам гістарычнага мандату, які яна перадасць дэмакратычна абраным уладам Беларусі, пасля таго, як яны з’явяцца. У выпадку ж, калі Беларусь раптам станецца акупаванай вонкавай сілай, верагоднасць чаго цяпер, на жаль, нельга выключаць, Рада будзе мабілізаваная і разгорнутая ў якасці каардынацыйнага цэнтру ў эміграцыі.

У цяперашні момант мы рыхтуем адзін важны святочны праект датычна 100-годдзя БНР. Пра яго мы абвесцім у хуткім часе. Таксама працягваюцца рэгулярныя кантакты з урадамі замежных краінаў.

Якой Рада БНР бачыць Беларусь?

Трэба разумець: Рада БНР — гэта не палітычная партыя. Таму

нашая праграма абмяжоўваецца толькі пазіцыяй па прынцыповых пытаннях: перадусім, па пытаннях дэмакратыі і незалежнасці.

Беларусь павінна быць самастойнай дзяржавай, якая развіваецца ў адпаведнасці з сваёй гістарычнай і культурнай спадчынай і якая мае добрыя і ўзаемапаважлівыя адносіны з усімі сваімі суседзямі. Беларусь павінна быць дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, дзе людзям гарантуюцца ўсе правы. Усё астатняе — дэталі, якія мае вызначаць і вырашаць дэмакратычны беларускі ўрад.

Як вы пракаментуеце стаўленне ўладаў да тэмы БНР і да Рады БНР? Чаму ўлады не хочуць усталёўваць шыльду на будынку ў Менску, дзе была абвешчаная незалежнасць БНР?

Мне здаецца, што ўлады разрываюцца паміж аб’ектыўнай неабходнасцю прызнаць вырашальную ролю абвешчання БНР для гісторыі Беларусі XX стагоддзя і страхам запярэчыць сваім расійскім «старэйшым братам». Але мы бачым, як са зменай пакаленняў пашыраецца і ўсведамленне Беларусі як паўнавартаснай незалежнай дзяржавы, і, адпаведна, здаровы погляд на беларускую гісторыю, без аглядкі на Расію. Час працуе на нас, гэта бясспрэчна. Шыльда на тым доме будзе, як і будзе перадача Радай сваіх паўнамоцтваў дэмакратычна абранаму парламенту Беларусі.

Кастрычнік 2018 г.

https://gomel.today/rus/article/politics-542/

You may also like...