Якой магла б быць БНР у 2018 годзе? Меркаваньне А. Чайчыца для часопісу Bolshoi
Сваім меркаваннем на тэму, як выглядала б сучасная Беларусь, калі б БНР у свой час перамагла і мела шанец метадычна развівацца, з «Большим» падзяліўся Алесь Чайчыц — сябра Прэзідыюму Рады БНР, Сакратар Інфармацыі Рады БНР
— Адзіная краіна ў нашым рэгіёне, якая ў 1917—18 гг. атрымала незалежнасць, здолела яе абараніць і змагла больш-менш канструктыўна развівацца, гэта Фінляндыя. Краіна без асаблівых прыродных рэсурсаў, з суворым кліматам, з насельніцтвам трохі большым, чым палова Беларусі. Але за дваццатае стагоддзе яна стала адной з найбольш паспяховых і заможных дзяржаваў у свеце, адным з найлепшых месцаў для жыцця.
Гісторыя, зразумела, не церпіць умоўнага ладу. Казаць, што калі б БНР перамагла, Беларусь была б Фінляндыяй — гэта занадта гучна. Але фінскі прыклад у нас заўжды павінен быць перад вачыма.
Канечне ж, ёсць шмат пераменных, ад якіх залежыла б, якой была б незалежная дэмакратычная Беларусь у форме БНР. Якімі склаліся б межы Беларусі? Якімі былі б стасункі БНР з Польшчай і Літоўскай Рэспублікай? З міжваеннай Нямеччынай? Якой была б савецкая Расея? Ці існавала б незалежная Украіна і якімі былі б стасункі БНР з ёю? Ці здарылася б Другая сусветная вайна? Ці была б савецкая акупацыя Усходняй Эўропы пасля вайны?
Можна з пэўнымі дапушчэннямі прадставіць сабе, што БНР стала б у адзін шэраг з іншымі краінамі рэгіёну, нашымі самымі блізкімі суседзямі — Польшчай і краінамі Балтыі.
У Беларусі была б рынкавая эканоміка, якая абапіралася б на самастойнасць людзей, а не на цэнтральнае плянаванне і прыказы чыноўнікаў. Сялянам далі б працаваць на саміх сябе на сваёй зямлі, хаця эканоміка ўсё ж мела б выразны «сацыяльны» ўхіл.
Беларуская мова надзейна замацавалася б у якасці асноўнай дзяржаўнай мовы. Пры гэтым расейская, ідыш і польская таксама мелі б афіцыйны статус.
Беларуссю б увесь час кіравалі беларусы з аглядкай на інтарэсы Беларусі, а не на інтарэсы Крамля. Што да стасункаў з суседзямі, таксама былі б спрэчкі з суседзямі наконт гістарычнай спадчыны — «чый Адам Міцкевіч», «чыё ВКЛ». Проста цяпер спрэчкі толькі пачынаюцца (глядзі сытуацыю вакол беларускага помніка Касьцюшку ў Швейцарыі), а так яны на дадзены момант ужо даўно былі б вырашаныя і мы б даўно прыйшлі з усімі да згоды.
Без савецкай індустрыялізацыі ў сучаснай Беларусі не было б МАЗа, БелАЗа і Мазырскага НПЗ. Але можа і добра, што іх бы не было? У краінах Балтыі пасля распаду СССР аналягічныя савецкія паўваенныя заводы пазачынялі — і неба на зямлю там не ўпала, узровень жынця там вышэйшы, і гастарбайтары едуць з Беларусі туды, а не ў зваротным кірунку. Зноў жа, у Фінляндыі савецкай індустрыялізацыі не было, але Nokia ёсць.
Паколькі ў створанай сапраўднай Беларусі мы б абыйшліся без жалезнай заслоны, БНР увесь час не была б белай плямай на мапе Эўропы — людзі ў Заходняй Эўропе, Амэрыцы, Азіі ўвесь час ведалі б, што такая краіна ёсць, што яна мае свае ўласныя самабытныя культуру, мову, гісторыю. Беларусь мела б нашмат больш часу, каб распавесці свету пра сябе і запомніцца не толькі палітолягам, але і простым людзям. Не было б: якая такая «белая Расея»? А што, ёсьць і «чорная»?
БНР была б больш багатай і шчаслівай краінаю, чым БССР і цяперашняя Беларусь. Але, адкінуўшы ў бок фантазіі, лічу, што многае застаецца дасягальным і цяпер — была б толькі воля. І калі Беларусь устане на стабільны шлях развіцця як самастойная дэмакратычная эўрапейская дзяржава, калі 25 сакавіка будзе дзяржаўным сьвятам, а беларуская мова — паўнапраўнай дзяржаўнай мовай, тады місія Рады БНР будзе выкананая і мы перадамо наш мандат дэмакратычным беларускім уладам. Я ўпэўнены, што да гэтага моманту дажыву.
Bolshoi,
лістапад 2017 г.