Уручэньні Мэдалёў да стагодзьдзя БНР: Таронта, Лёндан, Вашынгтон

У рамках сьвяткаваньня Дня Волі ў гэтыя выходныя ў розных краінах было ўручана некалькі Мэдалёў да стагодзьдзя БНР.

Таронта

На ўрачыстасьці ў Таронта мэдаль з рук Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы атрымалі дзеячы беларускае дыяспары ў гэтай краіне Ірына Варабей, Зінаіда Гімпелевіч, Віялета Кавалёва, Ірына Тоўсьцік, пісьменьніца Вольга Іпатава, паэт Сяргей Панізьнік.

Ірына Варабей – міжнародна вядомая дызайнэр і мастак, папулярызатар беларускага народнага мастацтва ў Канадзе і ў сьвеце, заснавальнік і кіраўнік дызайнерскае кампаніі Spirit of Belarus.

Ірына Варабей

Прафэсар Зінаіда Гімпелевіч – выбітная беларуска-канадзкая літаратуразнаўца і актыўная дзяячка беларускае грамады ў Канадзе, сузаснавальніца Канадзкага фонду дапамогі дзецям Чарнобыля, на працягу многіх гадоў старшыня Беларускага інстытуту культуры і мастацтва ў Канадзе.

Зінаіда Гімпелевіч

Вольга Іпатава – выбітная беларуская літаратар і грамадзкі дзеяч, ляўрэят шматлікіх літаратурных прэміяў, у мінулым старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў, чые творы перакладзеныя на некалькі моваў.

Вольга Іпатава

Віялета Кавалёва – музыказнаўца, заснавальнік і кіраўнік знакамітага канадзка-беларускага фальклёрнага ансамблю “Яваровы людзі”, які робіць значную працу па рэпрэзэнтацыі беларускай дыяспары ў канадзкім грамадзтве, папулярызуе беларускую культуру як у Канадзе, так і за яе межамі.

Віялета Кавалёва

Сяргей Панізьнік – вядомы літаратар і журналіст, этнограф, перакладчык, шматгадовы заслужаны грамадзкі дзеяч у Беларусі і Канадзе.

Сяргей Панізьнік

Ірына Тоўсьцік – у мінулым праваабаронца ў Беларусі, у цяперашні час грамадзкі дзеяч у Канадзе, актыўны арганізатар адукацыйных заняткаў для маладога пакаленьня канадзкіх беларусаў.

Ірына Тоўсьцік

Лёндан

У Лёндане намесьнік Старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў уручыў мэдалі Джыму Дынглі, Арнольду Макміліну, Алене Міхалюк і айцу Сяргею Стасевічу.

Алена Міхалюк – адна з вэтэранаў беларускага руху ў Брытаніі. Шматгадовая старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі і радная БНР, Алена Міхалюк – сярод тых людзей, хто стварыў адну з найбольш моцных арганізацыяў беларускае дыяспары.

Алена Міхалюк

Джым Дынглі і Арнольд Макмілін – дасьледчыкі і папулярызатары Беларусі ў сьвеце, за чыімі плячамі шмат дзесяцігодзьдзяў навуковай і грамадзкай працы па тым, каб адчыніць Беларусь для міжнароднае супольнасьці.

Арнольд МакМілін

Джым Дынглі

Айцец Сяргей Стасевіч – кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікай Брытаніі, чыімі намаганьнямі быў адроджаны рэлігійна-культурны цэнтар у Marian House. Таксама а. Сяргей выступіў ініцыятарам і адыграў ключавую ролю у распрацоўцы праекта і будаўніцтве Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага, якая сталася важным знакам беларускай культурніцкай прысутнасьці ў Лёндане.

а. Сяргей Стасевіч

Вашынгтон

У Вашынгтоне на ўрачыстым прыёме ў гонар сто першых угодкаў незалежнасьці БНР мэдаль уручаны:

  • палітычнай актывістцы Ірыне Красоўскай, грамадзкай дзяячцы Алесі Кіпель,
  • праваабаронцу Дэвіду Крэймэру,
  • былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклу Козаку, Джорджу Кролу, Кенэту Ялавіцу, Дэніэлу Спэкгарду,
  • кангрэсмэнам Крыстафэру Сьміту і Джону Шымкусу,
  • дасьледчыку Курту Вулгайзэру,
  • былому палітычнаму дарадцу АБСЭ Арэсту Дэйчакіўськаму,
  • дыплямату і фатографу Джону Кунстадтэру,
  • старшыню Аб’яднанага балтыйскага амэрыканскага нацыянальнага камітэту Карлу Алтаў.
За сьв.п. Васіля Сёмуху мэдаль атрымала ягоная дачка Алеся.

Узнагароджаньне мэдалямі да стагодзьдзя БНР у Вашынгтоне, 25 сакавіка 2019 г. Photo credits: Alexandra Milentey

Ірына Красоўская прысьвяціла сваю ўзнагароду Анатолю Красоўскаму, Віктару Ганчару, Юрыю Захаранку і Зьмітру Завадзкаму — «тым, хто аддаў жыцьцё, баронячы незалежнасьць Беларусі».

Алеся Кіпель і Алеся Сёмуха

Узнагароджаньне мэдалямі да стагодзьдзя БНР у Вашынгтоне, 25 сакавіка 2019 г.

Узнагароджаньне мэдалямі да стагодзьдзя БНР у Вашынгтоне. Мэдалі ўручаюць Заступнік старшыні Рады БНР Вячка Станкевіч і сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР Вячаслаў Бортнік

Узнагароджаньне мэдалямі да стагодзьдзя БНР у Вашынгтоне, 25 сакавіка 2019 г.

Арэст Дэйчакіўскі ня змог прысутнічаць на ўручэньні і перадаў пісьмовае вітаньне: «Я рады, што меў магчымасьць зрабіць унёсак у барацьбу за дэмакратычную, незалежную Беларусь. Гэта барацьба, якую варта весьці».

Злучаныя Штаты Амэрыкі традыцыйна займаюць найбольш пасьлядоўную пазыцыю ў абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым вялікая заслуга амбасадараў ЗША ў Беларусі, кангрэсмэнаў, экспэртаў і грамадзкіх дзеячоў сяброўскіх да беларусаў дыяспараў. У хуткім часе мэдаль таксама будзе ўручаны першаму амбасадару ЗША ў Беларусі Дэвіду Сўорцу.

Васіль Сёмуха – выбітны беларускі перакладчык, дзякуючы якому сусьветная беларускамоўная бібліятэка папоўнілася творамі Ґётэ, Шылера, Гайнэ, клясыкаў польскае і латыскае літаратуры, а таксама адным з найболь вядомых перакладаў Бібліі. Дэкрэт аб узнагароджаньні быў падпісаны 24 сьнежня 2018 г. Васіля Сёмухі ня стала 3 лютага 2019 г.

Васіль Сёмуха

You may also like...