Мітрафан Доўнар-Запольскі
14 чэрвеня 1867 г. у Рэчыцы нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі – дыплямат БНР, выбітны беларускі гісторык і этнограф, адзін з заснавальнікаў беларускай гісторыяграфіі.
Нарадзіўся ў ў сям’і службоўца. Дзяцінства правёў у Рэчыцы, Менску, Мазыры і Бабруйску.
Навуковая і выкладчыцкая дзейнасьць была зьвязаная зь некалькімі сучаснымі краінамі: скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт св. Уладзіміра і абараніў там доктарскую дысэртацыю, выкладаў у Маскоўскім і Кіеўскім унівэрсытэтах, а таксама ў адукацыйных установах у Харкаве, Баку і Беларусі.
У 1918 годзе актыўна падтрымліваў стварэньне Беларускае Народнае Рэспублікі і ўдзельнічаў у працы яе ворганаў. Тады ж распрацаваў першы праект стварэньня беларускага ўнівэрсытэту.
Жывучы ў 1918 годзе ў Кіеве, узначальваў Беларускую гандлёвую палату, а таксама ўдзельнічаў у працы дыпляматычнае місіі БНР ва Ўкраіне, якая кантактавала з прадстаўнікамі Савецкай Расеі, Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны.
Па заданьні ўладаў БНР склаў адмысловы Мэмарыял аб гісторыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасьці – “Асновы дзяржаўнасці Беларусі”. Гэты дакумэнт быў перакладзены на некалькі замежных моваў і актыўна выкарыстоўваўся дыпляматамі БНР пры асьветніцкай працы сярод замежных урадаў, абгрунтоўваючы гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасьці і правы беларускага народу на незалежнасьць.
У 1925-1926 гадах быў загадчыкам катэдры гісторыі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, а ў 1925 годзе быў адным з стваральнікаў археаграфічнае камісіі Інбелкульту (цяперашняй Акадэміі навук Беларусі).
У 1926 годзе пад ціскам акупацыйнай адміністрацыі вымушаны зьехаць у Маскву, дзе правёў апошнія гады свайго жыцьця. Нагодай для гэтага стала напісаная ім кніга па гісторыі Беларусі, якая супярэчыла афіцыйнай бальшавісцкай ідэалёгіі. Рукапіс кнігі быў канфіскаваны, а сам Доўнар-Запольскі быў пазбаўлены магчымасьці працаваць на радзіме.
Памёр у 1934 годзе, не дажыўшы лічаных гадоў да масавага савецкага тэрору супраць беларускай інтэлектуальнай эліты.
У гонар Мітрафана Доўнар-Запольскага, прафэсара Кіеўскага ўнівэрсытэта і заснавальніка цяперашняга Нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Вадыма Гэцьмана, названая вуліца ў Кіеве. Цікава, што з 1965 па 2015 гг. яна называлася ў гонар ягонага сына Ўсевалада, кіраўніка бальшавісцкіх атрадаў у Кіеве, памерлага ў 1919 годзе. Гарадзкія ўлады перайменавалі вуліцу ў 2015 годзе ў рамках дэкамунізацыі тапаніміі.
Урна з прахам прафэсара Доўнар-Запольскага знаходзіцца ў калюмбарыі царквы Новых Данскіх Могілак у Маскве.