Канстанцін Алексяеўскі
3 верасьня 1855 г. нарадзіўся Канстанцін Алексяеўскі, генэрал расейскай імпэратарскай арміі, удзельнік беларускага нацыянальнага руху, дэлегат Ўсебеларускага зьезду 1917 г.
Паходзіў з дваран Віленскай губэрніі, скончыў Полацкую вайсковую гімназію і 2-ю вайсковую Канстанцінаўскую вучэльню.
Пасля вучэльні, у 1875 г. атрымаў чын прапаршчыка і выпушчаны ў 27-ю артылерыйскую брыгаду. У 1976 г. атрымаў чын падпаручніка, у 1877 г. – паручніка, у 1881 г. – штабс-капітана. Потым ён 4 гады і 9 месяцаў служыў намесьнікам адказнага за рамонт артылерыі Віленскай вайсковай акругі. У канцы 1890 года атрымаў ранг капітана пасьля чаго 11 гадоў служыў начальнікам аддзела Дзьвінскага артылерыйскага склада. За выдатную службу ў 1899 годзе атрымаў чын падпалкоўніка, пяць з паловай гадоў служыў камандзірам батарэі. У 1905 г. атрымаў чын палкоўніка, пасьля чаго з камандаваў Уладзівастоцкім цьвердзевым 4-м артылерыйскім палком, а потым – 1-й Уладзівастоцкай цьвердзевай артылерыйскай брыгадай. У 1909 г. атрымаў чын генэрал-маёра, з канца 1911 г. служыў камандзірам Свэаборгскай цьвердзевай артылерыі. У канцы 1916 г. атрымаў чын генэрал-лейтэнанта.
Са зваю службу генэрал Алексяеўскі атрымаў шэраг узнагародаў: ордэны Сьв. Станіслава 3-й ст. (1889 г.), Сьв. Уладзімера 3-й ст. (1912 г.); Сьв. Станіслава 1-й ст. (18.02. 1915 г.); Сьв. Ганны 1-й ст. (24.11.1915).
На Ўсебеларускім кангрэсе
У сьнежні 1917 г. генэрал Алексяеўскі быў актыўным удзельнікам Усебеларускага кангрэсу ў Менску як прадстаўнік беларускіх матросаў балтыйскага флёту. Ён быў абраны ў склад Савета старэйшын кангрэса.
20 сьнежня, калі пасьля доўгіх спрэчак было вырашана лічыць зьезд правамоцным, генэрал папрасіў слова і сказаў:
«Мы працавалі ўсю рэвалюцыю разам з украінцамі: мы адсталі ад іх, але ж ёсьць прыказка “апошнія будуць першымі”. (аплядысмэнты) Тут сабраліся лепшыя людзі Беларусі. Менавіта вы можаце вырашыць лёс Беларусі. Асьцерагайцеся, каб не было таго, што ўсё наша багацьце паразьбіраюць, адбяруць жывёлу, коней, а нам нічога не пакінуць. (Бурныя аплядысмэнты)».
Потым Алексяеўскі прапанаваў запрасіць на адкрыцьцё зьезда “наш беларускі хор” (Белорусская рада, № 6, 8 снежня 1917).
Канец таго дня быў азмрочаны
«нечуваным нахабствам (…) бальшавіка, які прапанаваў нам, сапраўдным сынам шматпакутнай, але з гэтага часу свабоднай Беларускай нацыі, ён меў дзёрзкасьць прапанаваць нам выкінуць наш беларускі сьцяг. Якая бульварная дзёрзкасць! Якая абраза ўсяго беларускага народа! Не добрую паслугу аказаў бальшавікам іх прадстаўнік. Крыкі абурэньня, узьнятыя кулакі, крыкі: “Прэч” і “Далоў” былі адказам на “прывітальную” гаворку”. Пасьля выступу бальшавіка “наперад выйшлі салдат, матрос і генэрал, моцна сьцяўшы рукі адзін аднаму, і стары генэрал … Алексяеўскі пацалаваў гэты сьцяг, які толькі што быў абсьмяяны вар’ятам»
(Белорусская рада, № 7, 10 снежня 1917).
Генэрал Алексяеўскі яшчэ шматкроць выступаў на зьездзе і пакінуў цікавыя ўспаміны пра гэтую падзею (Гл: Чырвоны шлях. 1918. №1/2.).
«Зьезд гэты назаўжды застанецца памятны тым, хто на ім прысутнічаў, і хай ён часьцей пра яго ўспамінае, і хай раскажа іншым, хто ня мог асабіста прысутнічаць, у асаблівасьці беларускай моладзі. Такога ўздыму, такога нацыянальнага аб’ядноўваючага беларускага непасрэднага пачуцьця нельга забыць да труннай дошкі»
– пісаў Аляксееўскі, і далей:
«Пачаўся зьезд вяла … . Патроху справы Зьезду сталі наладжвацца. Беларусы, воіны-салдаты і маракі, гэты цьвет беларускай моладзі, хутчэй за іншых сталі аб’ядноўвацца, за імі пайшлі і іншыя элемэнты беларускага народа … Уздым народнай, нацыянальнай самасьвядомасьці адразу пачаў ужо адчувацца; але калі мы пачулі нашу родную беларускую мову, калі пачулася беларуская песьня, калі мы пачулі сваіх паэтаў, сваю музыку, убачылі на сцэне свой тэатр і г.д. – мімаволі ўсе сэрцы пачалі аб’ядноўвацца, і патроху мы пачалі адчуваць сябе адзіным беларускім народам …».
У 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі запрашала генэрала Алексяеўскага ў Менск для фармаваньня беларускай арміі. Ягоны далейшы лёс невядомы.
(Паводле: Леанід Лаўрэш. Генералы БНР // НАША СЛОВА № 5 (1364), 31 студзеня 2018)