Як радныя БНР дапамагалі габрэям у час Другой сусьветнай вайны
Гісторык Зьміцер Дрозд зьвярнуўся да афіцыйных установаў Ізраіля з адкрытым лістом, у якім ён просіць надаць тытул Праведнікаў народаў сьвету членам Беларускага камітэту самапомачы ў Празе: Ларысе і Янку Геніюшам, Васілю Захарку, Васілю Русаку і Пятру Бокачу за выратаваньне ў 1941-1945 гг. жыхароў прагі Аркадзя, Анатоля і Ярыну Вольфсон.
Васіль Захарка – старшыня Рады БНР у 1928-1943 гг., Ларыса Геніюш – Генэральны сакратар Ураду БНР ад 1943 г.
Зьміцер Дрозд піша:
“Дзякуючы самаахвярнаму поцьвігу членаў Камітэта, Вольфсоны атрымалі дакумэнт, які заяўляў, што яны праваслаўныя беларусы, хаця ўсім членам Камітэта было вядома, што яны габрэі. Выдаючы такі дакумэнт, усе члены Камітэта рызыкавалі сваім жыцьцём. Дзякуючы гэтым дакумэнтам, сям’я Вольфсон перажыла акупацыю і засталася ў жывых.”
Гісторык грунтуе сваю заяву на дакумэнтах з Расейскага дзяржаўнага архіку (ГАРФ) і ўспамінах Ларысы Геніюш (Геніюш, Л. Збор твораў : у 2 т. / Ларыса Геніюш ; Мінск : Лімарыус, 2010. ISBN 978-985-6968-04-7 (у пер.). Т. 2 : Проза, лісты. — 469. ISBN 978- 985-6968-06-1):
«…Немцы са сваёй ведамай дакладнасьцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы, беларускі, безумоўна… Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі ня бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў ня мелі. Узяць іх было небясьпечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі ў Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цьвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсьленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў…». (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 42).
«У Празе гудзела, як у вульлі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не пасьпела… Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх ня бачылі» (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 46).
Нягледзячы на рызыку для ўсіх, ніхто ня выдаў сям’ю Вольфсона:
«Нездарма мне сказалі на сьледстве, што іх паляваньне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з аднымі немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў – думалася мне». (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 63).
«…На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасьці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў…» (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 68).
Дзякуючы членству ў Беларускім камітэце самапомачы, габрэй Аркадзь Вольфсон перажыў вайну.
Ужо ў пасьляваенны час Ларыса Геніюш пісала:
«У нас яшчэ есьць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля сквэру, Я з жудасьцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі… Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць… Ну й сьвет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным сьвеце»… (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 116).
«Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, годзе я была скарбнікам… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую пад-робленую подпісь пад той тэлеграмай… (Ларыса Геніюш. Т. 2. Стр. 167).
У пацьверджаньне ўспамінаў Ларысы Геніюш, Зьміцер Дрозд праводзіць анкету сям’і Вольфсон пры ўступленьні ў Беларускі камітэт самапомачы ў Празе. Дакумэнт захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расейскае Фэдэрацыі (Государственный архив Российской Федерации, фонд ГАРФ_Ф_р-5875 оп 1 д 31. листы 5, 6 и 7)
У Адзел Бел. Каміт. Самапомачы у Празе
Заява
Я ніжэй подпісаны / -ая / Вольфсон Аркадзі прашу прыняць мяне ў лік сяброў Беларускага Нацыянальнага Аб’яднаньня / Weissruthenisches Selbsthilfekommites \ у Нямеччыне.
Мой цяперашні адрыс: Praha…
Месячная складка выпадае зь мяне ў суме 10 к.
Паручыцелі: 1/ Інж. Жук. 2/ П. Бакач.
Мой жыцьцепіс :
1/ Радзіўся: 2.ХII.1877 ў Коўно.
2 / Імёны і прозьвішчы бацькоў: Аляксей Вольфсон, Розэліна Лутц, Радзіліся: а/ бацька у Ліцьве б/ маці каля Штагольму (Швэдка) Цяпер жывуць ня жывуць.
3/ Імёны і прозьвішчы дзядоў \ па бацьку і матцы \ і дзе радзіліся:
Па бацьку: Ян Вольфсон (Joansen) – Швэцыя. Па матцы, Ганна з дому Макуш, радз. у Ліцьве
4/ Стан цывільны: жанаты, разведзены, Софія з Махлеўшчыны. Яе нацыянальнасцьць: беларуска
5/ Веравызнаньне: праваслаўны
6/ Асьвета: універсытэцкае…
7/ Маю маемасьць: –
8/ Маю дзяцей \ імёны і век іх: Сын Анатоль 1909, Ярына 1911…
Аднотацыя:
Вольфсон Арк. прыняты ў лік сяброў Бел. Нацыян. Аб’яднаньня…
13.7.41. Старшыня Л. Гэніюш. Сакратар П. Бакач.
***
Такія ж дакумэнты на дзяцей Аркадзя Вольфсона Анатоля і Ярыну.
Зьміцер Дрозд зьвяртае ўвагу на тое, што пасьля вайны Ларыса і Янка Геніюшы, Васіль Русак і Пятро Бокач былі рэпрэсаваныя савецкім рэжымам.
Паводле існуючай інфармацыі, Васіль Русак, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславаччыне, агулам выратаваў дзьве габрэйскія сям’і ад расправы з боку нацыстаў тым, што дапамог ім атрымаць пасьведчаньні аб беларускім паходжаньні.
Зьміцер Дрозд робіць выснову:
“Усе члены Беларускага камітэту самапомачы ў Празе рызыкавалі жыцьцём, ведалі пра гэтую небясьпеку т выратавалі габрэйскую сям’ю, што цалкам адпавядае патрабаваньням прысуджэньня ім тытулу Праведнікаў народаў сьвету.”
Як вядома, да выратаваньня габрэяў ад нацыстаў у часе вайны таксама спрычыніўся былы міністар адукацыі БНР Вацлаў Іваноўскі.
Ягоная сям’я выратавала дзьвюх жанчынаў, якім дапамагла выбрацца з акупаванай нацыстамі Вільні і дала прытулак у сваёй сядзібе ў вёсцы Рагачоўшчына. Жонка і дачка Іваноўскага ў 2001 годзе атрымалі тытул Праведнікаў народаў сьвету.
Таксама, паводле ўспамінаў Антона Шукелойця, Вацлаў Іваноўскі, якога нямецкія акупанты прызначылі бурмістрам Менска, таемна ад нацыстаў браў на працу габрэяў і польскіх падпольшчыкаў, прадстаўляючы ім дакумэнты нямецкіх дзяржаўных службоўцаў.