Галоўная беларуская вайсковая святыня XX стагоддзя
У гэтыя дні адзначаецца стагоддзе Слуцкага збройнага чыну – аднаго з самых важных эпізодаў узброенай барацьбы за незалежнасць Беларусі ў канцы 1910-х і пачатку 1920-х гадоў. З нагоды юбілею Рада БНР прадстаўляе абноўленую рэканструкцыю вядомага сімвала гэтых гераічных падзеяў: сцяга Першага Слуцкага палка Беларускай Народнай Рэспублікі.
СТВАРЭННЕ І ВЫГЛЯД
Слуцкае войска мела фармальны статус Слуцкай брыгады БНР. Слуцкая брыгада дзялілася на Першы Слуцкі полк і Другі Грозаўскі полк. Для Першага Слуцкага палка ў Горадні мясцовай беларускай грамадой быў створаны сцяг, які быў дасланы ў Слуцк. Сцяг Першага Слуцкага палка вядомы па знакамітым фота, на якім бачым дзеячоў беларускага руху Лявона Вітан-Дубейкаўскага, магчыма Юліяну Мэнке і Антона Борыка.
На светлым фоне ў верхняй частцы паўколам вышыты надпіс “ПЕРШЫ СЛУЦКІ ПОЛК”, унізе паўколам вышыта “БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ”. Дакладныя колеры не вядомыя, але ёсць версія, што светлае палатно было насамрэч жоўтага (залацістага) колеру.
У гістарычных крыніцах пішацца, што на сцягу быў надпіс “ТЫМ, ШТО ПАЙШЛІ ПАМІРАЦЬ, КАБ ЖЫЛА БАЦЬКАЎШЧЫНА”. Верагодна, надпіс мог быць зроблены на зваротным баку сцяга.
Усярэдзіне вышытая вельмі прыгожая і ўдалая, дынамічная і гарманічная “Пагоня” на простакутным француска-расейскім шчыце. Як мы ведаем, прыгожыя варыянты “Пагоні” – рэдкасць і каштоўнасць, і таму асабліва шкада, што гэты эскіз “Пагоні” нідзе больш не сустракаецца і цяпер не выкарыстоўваецца. Варта гэта выпраўляць – асабліва ўлічваючы, што гэта ўзор “Пагоні”, створаны самімі беларусамі.
ТРЭБА АДШУКАЦЬ СЦЯГ СЛУЧЧАКОЎ
Пасьля Слуцкага збройнага чыну сцяг захоўваўся ў Антона Сокала-Кутылоўскага, камандара Першага Слуцкага палка. Сокал-Кутылоўскі жыў у Заходняй Беларусі, дзе стаў праваслаўным святаром. Улетку 1921 г. Сокал-Кутылоўскі хацеў перадаць сцяг на захаванне праваслаўнаму Пінска-Наваградскаму біскупу Панцялейману, але той адмовіўся яго прыняць.
У 1931 годзе сцяг канфіскавала польская паліцыя падчас ператрусу. Далейшы лёс гэтай важнай рэліквіі невядомы.
Неабходна шукаць арыгінальны сцяг або высвятляць ягоны лёс. У ідэале гэтым павінна была б заняцца беларуская дзяржава, але ва ўмовах цяперашняга рэжыму ўзяць на сябе гэтую задачу павінна грамадскасць.
Калі і дзе дакладна быў канфіскаваны сцяг? Слонімшчына/Наваградчына? Якой паліцэйскай часткай?
Што павінны былі з ім зрабіць паводле працэдураў – знішчыць ці адправіць у архіў?
Калі першае, ці ёсць пацверджанне?
Калі другое, дзе гэты архіў? Што з ім сталася падчас Другой сусветнай вайны (пасля прыходу саветаў, а потым нацыстаў)? Што з ім сталася ў часы БССР / камуністычнага рэжыму ў Польшчы?
АДНАЎЛЕННЕ І СУЧАСНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ
У 2014 годзе па замове Рады БНР быў створаны вектарны абноўлены варыянт сцягу. Фонавым колерам быў абраны белы, колерам надпісу – чырвоны. На жаль, не атрымалася адрысаваць арыгінальную версію “Пагоні”, замест яе на шчыт быў памешчаны летувіскі эскіз Жмуйдзінавічуса: атрымалася вельмі прыгожа, хоць і не ў строгай адпаведнасці з арыгіналам.
Файл знаходзіцца ў вольным доступе, і раздрукаваны сцяг Случчакоў можна набыць на AliExpress (прадавец не звязаны з Радай БНР, і ўвогуле невядомы). Сімвал часам можна пабачыць на акцыях пратэсту ў Беларусі і замежжы.
Сцяг Случчакоў – бадай што галоўная беларуская вайсковая рэліквія XX стагоддзя. У будучыні ён мог бы зрабіцца сімвалам або асновай для сімвала ўсяго Беларускага войска. А адшуканне арыгінала гэтага сцяга магло б быць падзеяй, якая па важнасці саступала б хіба што толькі перапахаванню паўстанцаў Каліноўскага ў 2019 годзе.
Да стагоддзя Слуцкага збройнага чыну Рада БНР прадстаўляе абноўленую дыгітальную рэканструкцыю знакамітага сьцяга.
Асобна – упершыню адноўленая “Пагоня” са сцяга Случчакоў:
https://www.radabnr.org/wp-content/uploads/2020/12/Sciah-Slucak-1920.zip
Выявы даступныя ў максымальнай якасьці да зладаваньня і вольнага выкарыстаньня. Яны прыдатныя ў тым ліку да раздрукоўкі на тканіне.
Алесь Чайчыц
Сакратар інфармацыі Рады БНР
Стваральнік блога “Беларуская геральдыка”