АБ АГРЭСІІ РАСЕІ СУПРАЦЬ УКРАІНЫ І СТАНОВІШЧЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі,
- Рашуча асуджаючы збройную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны і спрыяньне гэтай агрэсіі з боку нелегітымнай дзяржаўнай улады Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспублікі Беларусь,
- Спасылаючыся на артыкул 51 Статуту ААН аб праве дзяржаваў-сяброў ААН на індывідуальную і калектыўную самаабарону, а таксама Артыкул 42 Статуту ААН аб дзеяньнях міжнароднай супольнасьці паветранымі, марскімі і сухапутнымі сіламі для абароны міжнароднага міру і бясьпекі ад агрэсара,
- Прыгадваючы Заяву Рады Беларускай Народнай Рэспублікі “У справе агрэсіі Расеі супраць Украіны і становішча Беларусі” ад 12 верасьня 2014 году:
(A) Канстатуе, што цяперашні збройны напад Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны носіць супрацьзаконны характар, маючы прыкметы міжнароднага “злачынства супраць міру”, як і любы саўдзел і спрыяньне гэтым супрацьзаконным дзеяньням з боку дзейсных уладаў Рэспублікі Беларусь;
(B) Заклікае міжнародную супольнасьць аказаць усю магчымую падтрымку абароне Ўкраіны ад збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі;
(С) Зазначае, што прызнаньне так званых “ЛНР” і “ДНР” з боку нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі станецца парушэньнем сувэрэнітэту Украіны і актам супраць уласных нацыянальных інтарэсаў Беларусі і беларускага народу,
(D) папярэджвае афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь аб адказнасьці за магчымае ўцягваньне Беларусі ў вайну, а таксама за падтрымку ці спрыяньне збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі;
(E) Заклікае міжнародную супольнасьць да цьвёрдай пазыцыі адносна як кіраўніцтва дзяржавы-ініцыятара агрэсіі, так і нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі;
(F) Выказвае, ад свайго імя і ад імя адданага міру, свабодзе, дэмакратыі і вяршэнству права беларускага народу ў Беларусі і ў Замежжы, салідарнасьць і падтрымку народу, дзяржаўнаму і вайсковаму кіраўніцтву Ўкраіны,
(G) Уважае, што ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежыць і будучыня Беларусі і рэгіёна, далейшы нацыянальны лёс беларускага народу.
Рада БНР, паўтараючы сваю Заяву ад 12 верасьня 2014 году, “вітае і разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпавядаючую доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі”.