Першае ўзнагароджаньне Мэдалём БНР за баявыя заслугі
Рада БНР абвяшчае пра заснаваньне і першае ўручэньне Мэдаля Беларускай Народнай Рэспублікі за баявыя заслугі.
Паводле свайго статуту, мэдаль уручаецца “за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.”
9 сакавіка 2023 г., у дзень першай гадавіны ад заснаваньня Палка Кастуся Каліноўскага, узнагароду з рук сябра Прэзыдыюма Рады БНР атрымалі 22 байцы-каліноўцы. Урачыстая цырымонія адбылася ва Ўкраіне. Імёны і пазыўныя ўзнагароджаных не публікуюцца зь меркаваньняў бясьпекі.
У сваёй урачыстай прамове на цырымоніі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла:
“Дэкрэт аб узнагароджаньні я падпісала ў дзень 160-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага на землях Беларусі. Нашая задача – завершыць тое, за што змагаліся Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі: вызваліць Беларусь ад дыктатуры і замежнай акупацыі, зрабіць Беларусь свабоднай краінай, дзе кожнаму беларусу і кожнай беларусцы будзе вольна жыць. Уся Беларусь моліцца за беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне супраць нашага агульнага гістарычнага ворага, і спадзяецца на вас. І самае галоўнае для кожнага беларуса ў сьвеце цяпер – дапамагаць вам, хто як можа, каб вы прынесьлі перамогу Беларусі і беларускаму народу.”
Выгляд і назва Мэдаля БНР за баявыя заслугі адсылаюць да ордэну Virtuti Militari – заснаванай у 1792 годзе найстарэйшай баявой узнагароды Рэчы Паспалітай і, такім чынам, Беларусі як адной зь яе краін-пераемніц. Уручэньне мэдалёў, якое адбылося 9 сакавіка 2023 г., сталася першаю з XVIII стагодзьдзя вядомай цырымоніяй узнагароджаньня афіцыйнай беларускай дзяржаўнай баявой узнагародай за адвагу, праяўленую на полі боя.
Падрабязьней пра Мэдаль за баявыя заслугі можна даведацца тут.