Новыя ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну Пагоні
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае пра чарговыя ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну Пагоні.
Старшыня Рады БНР падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні наступных асобаў:
- Кацярына Андрэева (Бахвалава)
- Мікалай Аўтуховіч
- Уладзімер Гундар
- Дзяніс Івашын
- Уладзімер Лабковіч
- Дар’я Лосік
- Ігар Лосік
- Эдуард Пальчыс
- Валянцін Стэфановіч
- Дар’я Чульцова
- Паліна Шарэнда-Панасюк
Пасьмяротныя ўзнагароджаньні:
- Аляксей Аўдзеенка
- Андрэй Зэльцэр
- Эдуард Лобаў
- Алег Панамароў
- Міхась Шавельскі
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракамэнтавала ўзнагароджаньні:
“Сёньня мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэньне Мэдаля Ордэну Пагоні, асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны.
Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасьці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.
Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасьць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасьць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадзкую або журналісцкую дзейнасьць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы.”
Мэдаль Ордэну Пагоні быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае ўзнагароджаньне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 г.