In memoriam Міраслаў Лазоўскі (1973-2023)
Першы з 1952 году кавалер Ордэну Жалезнага рыцара, беларускі патрыёт, грамадзкі дзеяч, ваяр, добраахвотнік Палку імя Каліноўскага.
Сёньня споўнілася б 50 гадоў Міраславу Лазоўскаму (пазыўны “Мыш”), які загінуў 16 траўня 2023 года ў баі пад Бахмутам. Міраслаў кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім у групе і зусім троху не дайшоў да камандна-назіральнага пункту. Міраслаў змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі, бясьпекі й міру ва ўсім нашым рэгіёне.
Міраслаў Уладзімеравіч Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Менску. Ягоная маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Міраслаў атрымаў інжынэрную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі.
Зь дзяцінства Міраслаў шмат чытаў і цікавіўся гісторыяй, у прыватнасьці вайсковай, захапляўся напалеонікай. Маючы мастацкія таленты, маляваў на гістарычную тэматыку, адліваў фігуркі воінаў з олава, рабіў карыкатуры і шаржы для газэты “Свабода”, аднаго з гарлоўных беларускіх недзяржаўных выданьняў у дзевяностыя гады.
Праз сваю зацікаўленасьць гісторыяй Лазоўскі ў пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху. У 1995 г. ён увайшоў у Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. З моладзевага крыла Згуртаваньня з часам паўстала арганізацыя “Белы легіён”, якая займалася выхаваньнем моладзі ў спартовым і патрыятычным духу. Сярод іншага, яе чальцы таксама ахоўвалі дэманстрацыі дэмакратычнай апазыцыі з часоў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пазьней арганізацыя была забароненая рэжымам.
Дасьведчанасьць, высокая дысцыплінаванасьць, камунікабэльнасьць і лідэрскія якасьці зрабілі Міраслава ня толькі адным зь лідараў “Белага легіёну”, але і “бацькам” для шматлікіх хлопцаў, якія траплялі ў арганізацыю. Міраслаў, Мірык – як звалі яго блізкія і паплечнікі – усе свае сілы й час аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаваньню беларускай моладзі. Вучыў гісторыі Беларусі, выхоўваў моладзь патрыётамі, фізычна і псыхалягічна здольнымі бараніць сваю Радзіму.
Неаднойчы Міраслаў за сваю дзейнасьць быў перасьледаваны рэжымам Лукашэнкі. Яго затрымлівалі на мітынгах, арыштоўвалі. У сакавіку 2000 года Міраслаў быў першым асуджаным паводле незаконнага артыкулу 167.10 КаАП Беларусі (“дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”). У 2008 годзе на яго спрабавалі ўскласьці адказнасьць за выбухі ў Менску падчас канцэрту з удзелам Лукашэнкі. У 2017 годзе супраць яго і былых чальцоў “Белага легіёну” КДБ сфабрыкаваў справу нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту (“Справа патрыётаў”), але яна таксама рассыпалася праз адустнасьць доказаў і шырокі грамадзкі розгалас.
Будучы па сваёй натуры сьціплым чалавекам, Міраслаў ніколі не выносіў на публіку свае дасягненьні, не паведамляў пра ціск, рэпрэсіі ці пагрозы ў свой адрас. Справу свайго жыцьця – пабудову незалежнай свабоднай Беларусі – ён заўжды рабіў спакойна і абачліва, не прыцягваючы да сябе залішняй увагі.
Маючы энцыкляпэдычныя веды па вайсковай гісторыі Беларусі і Вялікага княства Літоўскага, Міраслаў Лазоўскі бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музэйных экспэртаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музею Беларусі) адносна выставаў і асобных прадметаў. За свае грошы ён набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музэі, бо быў перакананы, што падобныя рэліквіі маюць належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.
Кожнае лета Міраслаў ўдзельнічаў у археалягічных экспэдыцыях, у летніках па прыборцы колішніх шляхецкіх маёнткаў. Ён быў адным са стваральнікаў кніжнай сэрыі “Беларусь у войнах”, прысьвечанай айчыннай вайсковай гісторыі. Першая кніга гэтай сэрыі была прысьвечаная вызвольнаму Паўстаньню 1863 года. Займаўся гістарычным фэхтаваньнем і гістарычнай рэканструкцыяй эпохі Вялікага княства Літоўскага 16-17 стст.
Да 2020 году г. Міраслаў актыўна супрацоўнічаў са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, дапамагаючы ў арганізацыі Зьездаў беларусаў сьвету, а таксама зь беларускімі пісьменьнікамі і гісторыкамі: працаваў кнігавыдаўцом, арганізоўваў кніжныя прэзэнтацыі па ўсёй Беларусі і за яе межамі, уласнаручна ілюстраваў кнігі. Заўжды рупіўся, каб беларускія выданьні даходзілі да чытача насуперак дзяржаўнай палітыцы татальнай русіфікацыі.
У 2021 годзе, з пачаткам буйнае хвалі палітычных рэпрэсій у Беларусі, Міраслаў быў вымушаны зьехаць з краіны, жыў ва Ўкраіне, пад Кіевам. Пасьля пачатку паўнамаштабовай вайны 24 лютага 2022 г. ён без ваганьняў далучыўся да супраціву расейскай агрэсіі. Загінуў героем.
Міраслаў Лазоўскі ўзнагароджаны:
- Заахвочвальнай адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны “За мужнасьць пры выкананьні спэцзаданьняў” (02.12.2022, № 2845)
- Мэдалём Беларускай Народнай Рэспублікі за баявыя заслугі (09.03.2023, № 004)
- Ордэнам “За мужнасьць ІІІ ступені” (указ Прэзыэнта Ўкраіны ад 14.06.2023, № 387165), пасьмяротна
- Мэдалём “Гонар і Годнасьць” Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі (09.06.2023, № 1), пасьмяротна
- Тытулам кавалера Ордэну Жалезнага рыцара (з кавалерскім крыжом) ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (25.06.2023), пасьмяротна.
Для Міраслава Беларусь заўсёды была на першым месцы. Сёньня немагчыма вымерыць ягоны ўнёсак у беларускі нацыянальны рух: сваю справу ён рабіў грунтоўна, маштабна і непублічна.
Міраслаў Лазоўскі назаўжды застанецца эталёнам лідара, маральным аўтарытэтам, сымбалем супраціву і “Белага легіёну”, надзейным сябрам, паплечнікам і настаўнікам.