Межы і грамадзянства БНР

Стварэнню нацыянальнай дзяржаўнасцi нязменна cпадарожнiчае нацыянальна-тэрытарыяльнае абасабленне. Абгрунтаванне дзяржаўных межаў – адзiн з важнейшых напрамкаў дзейнасцi Народнага Сакратарыята i Рады БНР.

20 лютага 1918 года Выканаўчы Камітэт Рады I Усебеларускага з’езда абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі. Быў створаны ўрад – Народны Сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам. 3 сакавіка 1918 года быў заключаны Берасцейскі мір. У выніку, як адзначаў відавочца падзей, Макар Краўцоў, „Беларусь была парэзана на кавалкі, без ніякае згоды на гэта з яе боку”[1].

У сакавiку 1918 года ў Берлiне адбылася сустрэча прадстаўнiкоў кiруючых партый Рэйхстага з кiраўнiкамi польскiх арганiзацый. Разглядалася пытанне пра перадачу нямецкай акупацыйнай уладай беларускiх зямель Гарадзеншчыны i часткi Мiншчыны ў якасцi кампенсацыi палякам за іх згоду адмовіцца ад прэтэнзiй на Познаньшчыну. У сувязi з гэтай сустрэчай Выканаўчы Камiтэт Рады Усебеларускага з’езда i Народны Сакратарыят накiравалi германскаму рэйхсканцлеру Гертлiнгу мемарандум, заяўляючы, што „падобны акт (перадача зямель беларускiх Польшчы) парушыў бы самыя жыццёвыя iнтарэсы беларускага народа i значнай большасцi нацыянальных меншасцей Беларусi i была б палiчана народнымi масамi як цяжкая знявага”. Дадзены мемарандум застаўся без адказу.

У гэтай сітуацыі 9 сакавiка 1918 года Выканаўчы Камітэт Рады I Усебеларускага з’езда абнародуе II Устаўную грамату, у якой Беларусь абвяшчаецца Народнай Рэспублiкай у межах „рассялення i лiчэбнай перавагi беларускага народа”.

Абвяшчаліся грамадзянскія свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, безумоўная вольнасць сумлення, недатыкальнасць асобы i памяшкання (жылля), права народаў на нацыянальна-персанальную аўтаномiю, раўнапраўе ўсiх моў народаў Беларусi.

Абвяшчаючы правы i вольнасцi грамадзян i народаў Беларускай Народнай Рэспублiкi, Выканаўчы Камiтэт Рады з’езда, зразумела, абавязаўся „пiльнаваць законнага парадку ў Рэспублiцы i захаваць правы i вольнасцi працоўнага люду”.

Такiм чынам, II Устаўная грамата ўстанавiла галоўныя пункты Канстытуцыi БНР, хоць яшчэ нiчога не сказала аб яе суверэннасцi, тэрыторыi i адносiнах да суседнiх рэспублiк.
25 сакавіка 1918 года была прынята III Устаўная грамата.

Граматаю Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай і вольнай дзяржавай. Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны за Беларусь чужым урадам, паводле граматы, аб’яўляўся страціўшым моц. Зыходзячы з гэтага, урад Беларусі звярнуўся да зацікаўленых бакоў з прапановай перагледзець умовы Брэсцкага міру.

Згодна з III Устаўной граматай, Беларуская Народная Рэспублiка павiнна „абняць усе землi, дзе жыве i мае лiчбовую перавагу беларускi народ, а ласьне Магiлёўшчыну, беларускiя часцi Меншчыны, Вiленшчыны, Гарадзеншчыны, Вiцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнiгаўшчыны i сумежныя часткi суседнiх губернiй, заселеных беларусамi”.

У Мемарыяле Народнага Сакратарыята БНР Імперскаму Канцлеру Нямеччыны за 5 красавіка 1918 г. падкрэслівалася, што „беларускі народ жыве суцэльнаю масаю у басейнах верхняга і сярэдняга Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны, займаючы тэрыторыю каля 300 000 кв. кіламетраў з агульнай колькасцю насельніцтва да 15 мільёнаў”. У агульных рысах былі акрэслены межы Беларусі: „ад Дзвінску на поўнач ломанай лініяй да чыгуначнай станцыі Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва амаль прамой лініяй, ад Ржэва мяжа ідзе ў паўднёва-заходнім накірунку на Бранск, – адтуль на Захад выгнутай лініяй на Ноўгарад-Северскі, Гарадню, вусце Прыпяці і далей уздоўж балот Прыпяці, Буга і Нарэва да Беластоку. Абыходзячы з захаду Беласток і мястэчка Харошч мяжа падымаецца на поўнач да Аўгустова і далей ідзе ломанай лініяй праз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Муснікі, Свянцяны і да Дзвінску. Горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі”[2]. Паводле звестак, пададзеных у мемарыяле, на тэрыторыі Беларусі беларускае насельніцтва складае каля 75% ад усёй колькасці, яўрэі – каля 10% і 15% – іншыя нацыянальнасьці, галоўным чынам палякі, вялікарусы, літоўцы, украінцы і іншыя.

Сябра Рады БНР Іосіф Красоўскі ў лісце свайму сябру, старшыні Магілёўскай беларускай рады Міхалу Кахановічу падкрэсліў, што дзейнасць Рады „неабходна падтрымаць на месцах, у гэтым уся сіла”[3]. Трэба адзначыць, што пэўную падтрымку Рада БНР атрымала, і такім чынам паступова пашырала свой ўплыў на значнай тэрыторыі Беларусі.

Адразу пасля ўтварэння Народнага Сакратарыята, 25 лютага 1918 года газета „Минские новости” паведамляла: „На имя Белорусского Народного Секретариата беспрерывно поступают заявления разных групп и обществ о признании власти избранного Секретариата Белоруссии”. У гарадах, мястэчках па ініцыятыве беларускай мясцовай інтэлігенцыі і духавенства ўзнікалі гарадскія і павятовыя беларускія рады. 31 сакавiка 1918 года адбылося надзвычайнае пасяджэнне Магiлёўскай краёвай рады, на якiм было прынята наступнае рашэнне:
„1) прызнаць уладу Цэнтральнай Краёвай Беларускай Рады;
2) павiнна быць створана адзiная непадзельная Беларусь у форме БНР;
3) дэлегаваць у Мiнск свайго прадстаўнiка”[4].

Аналагічныя пастановы прыходзілі з іншых гарадоў і павятовых цэнтраў Беларусі (Бабруйск, Радашковічы, Барысаў, Слуцк, Нясвіж, Наваградак, Койданава, Рэчыца і іншыя). Так, газета „Гоман” 12 красавiка 1918 года паведамляла: „З Менска паказваюць, што весцi аб прызнаннi Народнага Сакратарыята прыходзяць амаль штогадзiну”.
Дзеля таго, каб садзейнічаць стварэнню беларускіх мясцовых радаў і рэгуляваць іх дзейнасць, 20 красавіка 1918 года Народны Сакратарыят выдаў „Часовы наказ мясцовым Беларускім Радам”. У наказе адзначалася, што „Беларускія Рады маюць мэтаю дзяржаўную незалежнасць Беларусі, развіццё і паўсюднае пашырэнне беларускай культуры”. Дзеля дасягнення гэтай мэты Рады былі абавязаны:
1) бараніць інтарэсы і правы беларусаў і іншых грамадзян Беларусі, жывучых у яе акрузе; 2) пашыраць беларускую нацыянальную і культурную свядомасць, паведамляць насельніцтву аб працы беларускага ўрада і ўсіх беларускіх устаноў і палітычных, і культурных;
3) знаходзіцца ў сувязі з Радай Рэспублікі;
4) закладаць беларускія школы, браць пад свой загад і нагляд усе школы земскія, гарадскія і прыватныя, у якіх вучацца беларускія дзеці, і пільнаваць, каб там іх не перараблялі ні на маскалёў, ні на палякаў. Закладаць беларускія бібліятэкі, чытальні, нацыянальныя тэатры[5].

13 мая 1918 года Народны Сакратарыят Беларусі наведалі прадстаўнікі Рэчыцкага земства М. Мяцельскі і Д. Хічук. Дэлегаты раіліся са старшынёй Народнага Сакратарыята Язэпам Варонкам і народным сакратаром асветы Аркадзем Смолічам аб справе, звязанай з беларуска-ўкраінскімі перагаворамі, а таксама аб справе арганізацыі сеткі беларускіх школ і ўвядзення беларускай мовы ва ўжо існуючых школах[6].

У паведамленні ад 6 чэрвеня 1918 года „Сфера ўплыву Народнага Сакратарыята” адзначалася: „За апошні тыдзень Народны Сакратарыят наведалі прадстаўнікі Магілёўскай, Віцебскай губерній, Гомельшчыны, Палесся, Вілейскага павета і іншых гарадоў. З усіх месц дэлегаты прывозяць пастановы аб прызнанні ўлады Народнага Сакратарыята і просьбу рэгуляваць жыццё”[7].

21 чэрвеня на сустрэчы Я. Варонкі з начальнікам Генштаба Х арміі фон Штапфам было прапанавана Народнаму Сакратарыяту накіраваць райцаў для рэгулявання адносін германскіх войск і насельніцтва ў наступныя гарады: Мінск, Пінск, Барысаў, Быхаў, Баранавічы, Будслаў, Брэст, Рагачоў, Гомель, Мазыр, Рэчыцу, Ваўкавыск, Ліду, Ашмяны, Слонім, Шклоў, Навагрудак, Жлобін, Стоўбцы, Лунінец, Койданава[8]. Язэп Варонка звярнуў увагу начальніка Штаба, што ў правінцыі многа непаразуменняў выклікаюць адносіны да беларускага пытання польскай інтэлігенцыі. Так, канцылярыя Народнага Сакратарыята, якая рэгістравала грамадзян БНР, у маі 1918 года сутыкнулася з наступнымі фактамі. Пасведчанні, якія выдаваліся польскімі арганізацыямі насельніцтву заходніх губерній Беларусі (Гродзенскай і Віленскай), даволі дэманстратыўна залічвалі гэтыя губерні да губерній Польскай дзяржавы. Нямецкія ўлады паабяцалі, што будуць прыняты меры па спыненні польскай прапаганды на Беларусі.

Бабруйская Павятовая беларуская рада звяртаецца 5 чэрвеня 1918 года да Цэтральнай Беларускай Рады з просьбай ужыць перад нямецкім камандаваннем усе захады дзеля раззбраення 1-га Польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Трэба адзначыць, што пастанова нямецкіх уладаў аб прымусовай дэмабілізацыі Польскага корпуса была падпісана ўжо 21 мая 1918 года.

Неабходна падкрэсліць, што сяляне шэрагу вёсак бачылі ў асобе Народнага Сакратарыята абаронцу ад гвалту з боку акупацыйных уладаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца скаргі на дзеянні акупацыйных уладаў, што паступалі ў Народны Сакратарыят ад сялянаў вёсак Нядрэскі і Лашаны Заслаўскай воласці, Івянецкай воласці Мінскага павета, грамадзянаў Вітуніцкай воласці, Валасевіцкай валасной управы, вёскі Крывок Красналуцкай воласці Барысаўскага павета, Мільчанскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні; ад грамадзянаў Крайскай воласці, сялянаў вёскі Кавалі Вязынскай воласці, грамадзянаў Краснасельскай воласці Вялейскага павета, грамадзянаў Іжскай воласці, Мядзельскай воласці, Радашкаўскай воласці, Хаценчыцкай воласці Вялейскага павета Віленскай губерні, ліст Даўгінаўскай валасной управы Вялейскага павета і іншыя.

Паступалі ў Народны Сакратарыят заявы і ад асобных грамадзян. Так, жыхар мястэчка Ільлі Вялейскага павета Віленскай губэрні Борух Левін 17 чэрвеня 1918 года звярнуўся са скаргаю на гвалтоўныя дзеянні нямецкіх салдатаў, што забралі ў яго 1800 яек, закупленых для жыхароў мястэчка Ільлі на іудзейскае свята Пяцідзесятніцы. 21 чэрвеня Народны Сакратарыят звяртаецца з лістом у Штаб Х арміі з просьбай даць распараджэнне аб разглядзе скаргі Боруха Левіна аб забранні ў яго 1800 яек[9].

29 сакавіка 1918 года на пасяджэнні Рады БНР ствараецца камісія міжнародных справаў. Акрамя вырашэння бягучых пытанняў знешняй палітыкі дадзеная камісія займалася дэталёвым вызначэннем межаў БНР. Для атрымання падрабязных (двухвёрставых і дзесяцівёрставых) картаў Беларусі Народны Сакратарыят звяртаецца да галоўнакамандуючага германскімі войскамі на Беларусі. 7 мая 1918 года прымаецца рашэнне стварыць пры Народным Сакратарыяце Камісію па апрацаванні стратэгічнай карты Беларусі.

Пры стварэнні камісіі былі задзейнічаны асобы, якія былі добра знаёмы як з сакрэтнымі ваеннымі апісаннямі памежных раёнаў, так з жыццём у гэтых раёнах. Перад камісіяй стаяла даволі складаная задача: высветліць з абсалютнай дакладнасцю кожны ўчастак мяркуемай мяжы БНР, каб пры міжнароднай абароне яе інтарэсаў цвёрда ведаць, што можна патрабаваць, што прасіць і што можна саступіць у пытанні пра мяжу. У склад Камісіі па апрацаванні стратэгічнай карты Беларусі Народным Сакратарыятам былі запрошаны палкоўнікі нямецкага Генштаба Дзмітрый Бетхер, Аляксандр Брандт і Аляксей Гоерц, палкоўнікі інжынерных войск Іван Беніксан і Рыгор Янушкоўскі[10].

Камісія пачала выконваць ускладзеныя на яе задачы з 5 чэрвеня 1918 года. 14 лiпеня 1918 года газета „Вольная Беларусь” паведамляла, што „Народны Сакратарыят Мiжнародных спраў заканчвае падрабязную карту Беларусi паводлуг этнаграфiчнага, гiстарычнага i дзяржаўнага прынцыпу”. Выпрацоўка дзяржаўнай мяжы праводзілася на строгім навуковым грунце, абапіраючыся на даныя этнаграфіі, статыстыкі, стратэгіі. І ўжо ў вераснi 1918 года рэдакцыя часопiса „Варта” падрыхтавала да выпуску новую карту Беларусi на беларускай мове ў двух выданнях: вялiкую i памерам з паштоўку. Трэба адзначыць, што ў архівах захавалася не толькі карта БНР, але і даволі падрабязнае яе апісанне, падрыхтаванае сябрамі камісіі міжнародных справаў[11].

На працягу 1918 года Рада БНР імкнецца паслядоўна адстойваць межы БНР. Так, 7 кастрычніка 1918 года быў накіраваны пратэст Рады БНР райхсканцлеру Нямеччыны прынцу Максу Бадэнскаму ў сувязі з выказанымі 7 кастрычніка Рэгенацыйнай радай Польшчы прэтэнзіямі на памежныя вобласці Беларусі, населеныя каталікамі: Гродна, Беласток і Брэст.

14 снежня 1918 года Радай Міністраў БНР была накіравана міністру замежных справаў Польскай Рэспублікі нота пратэсту ў сувязі з уключэннем этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў (Беласточчыны і Бельшчыны) у склад Польшчы паводле Дэкрэта ад 28 лістапада 1918 года пра выбары ва Устаноўчы Сейм Польшчы.

З пытаннем тэрыторыi i дзяржаўнай мяжы цесна звязана пытанне аб грамадзянстве.

Прымаючы Устаўныя граматы, Народны Сакратарыят абавязаўся баранiць права i iнтарэсы грамадзян Беларускай Рэспублiкi. Як вядома, згодна з умовамi Брэскага мiру, немцы лiчылi Беларусь часткай Савецкай Расii. Нямецкiя ўлады затрымлiвалi жыхароў Беларусi, якiя служылi раней у расiйскiм войску, не прапускалi iх на радзiму, накiроўвалi ў лагеры для ваеннапалонных. Так, па пастанове нямецкiх улад 8 красавiка 1918 года ў Мiнску было арыштавана 146 чалавек i накiравана ў лагер ваеннапалонных „Дольна-Фрэйда” ў Коўна. Для таго, каб ва ўмовах вайны i акупацыi абаранiць iнтарэсы беларусаў, Народнаму Сакратарыяту неабходна было давесцi акупацыйным уладам, што мясцовае насельнiцтва з’яўляецца грамадзянамi БНР. На пасяджэннi 14 красавiка 1918 года Рада БНР вырашыла накiраваць дэлегацыю да нямецкiх акупацыйных улад, каб высветлiць наступныя пытаннi:
1) аб масавым затрыманнi германскiмi ўладамi мясцовага насельнiцтва Беларусi i аб магчымасцi iх вызвалення;
2) аб устанаўленнi пры Народным Сакратарыяце рэгiстрацыi насельнiцтва Беларусi. Доктар Б. Айзенштадт i юрыст Л. Заяц 15 красавiка былi прыняты палкоўнiкам фон Келерам. Было дасягнута пагадненне, што ў будучым не толькi мiрныя жыхары, але i былыя ваеннаслужачыя, якiя прад’яўляюць адпаведныя рэгiстрацыйныя карткi Народнага Сакратарыята, затрымлiвацца не будуць.

Народны Сакратарыят прымае спецыяльную iнструкцыю, згодна з якой праводзiць рэгiстрацыю грамадзян БНР, каб баранiць iнтарэсы беларусаў ад памкненняў суседзяў разглядаць Беларусь як нiчыйны матэрыял. З красавіка да кастрычніка 1918 года было выдадзена больш 200 пасведчанняў Народнага Сакратарыята. Пасведчанні выдаваліся дзеля паездкі грамадзян на Украіну і Расію, а таксама бежанцам, што вярталіся ў родныя мясціны. Так, пасведчанні атрымалі жыхары Беластока Лейба Фрыдман (29.04.1918) і Іосіф Свінцоў (20.08.1918), уладальнік маёнтка Беласточак Гродзенскай губерні Беластоцкага павета Заблудаўскай воласці Вацлаў Маліноўскі (2.05.1918), ураджэнец вёскі Шпіталі Гродзенскай губерні Бельскага павета Дубяжынскай воласці Якім Цімашук-Шчарбак (29.04.1918); Трафім Крышпінюк (13.08.1918) – ураджэнец вёскі Кнаразы Гродзенскай губерні Бельскага павета Пасынкаўскай воласці.

Пасведчанне Народнага Сакратарыята БНР за № 1042 было выдадзена на імя Янкі Купалы, у якім адзначалася: „Паказчык гэтага, грамадзянін-беларус Янка Луцэвіч (Беларускі паэт Янка Купала) быў камандзіраваны ў месца Смаленск у свой час Народным Сэкрэтарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля збору калекцый для Беларускай выставы ў месцы Менску, а так сама для высвятленьня, у якім становішчы знаходзіцца там яго сямейства і звароту сям’і ў м. Менск, дзе ён мае пастаяннае месцажыхарства”[12].
У лістападзе 1918 года ўрад БНР праводзіць рэгістрацыю беспрацоўных. Паводле захаваўшыхся звестак, было зарэгістравана 156 чалавек[13].

У 1918 годзе ў славянскай друкарнi Язэпа Галеўскага ў Берлiне быў выпушчаны агульнаграмадзянскi пашпарт Беларускай Народнай Рэспублiкi. Пашпарт складаўся з 12 старонак, на яго вокладцы была выява дзяржаўнага герба Беларускай Народнай Рэспублiкi – Пагонi. У пашпарце адзначаліся дата i месца нараджэння, падданства, асаблiвыя прыкметы: колер валасоў i вачэй, рост. Пашпарт можна было выкарыстоўваць для паездкi за гранiцу, былi спецыяльныя старонкi для таго, каб ставiць адзнакi аб уездзе i выездзе. Захавалiся пашпарты са светларужовымi i цёмна-сiнiмi вокладкамi. Афiцыйнымi ўрадавымi асобамi БНР выкарыстоўвалiся таксама дыпламатычныя пашпарты.
У ліпені 1918 года ў сувязі з выданнем на Украіне Закону аб грамадзянстве вялікая колькасць беларусаў у Адэсе падала заявы пра тое, што яны лічаць сябе грамадзянамі БНР. Беларускае консульства ў Адэсе на чале са Сцяпанам Некрашэвічам зарэгістравала каля 16 тысяч грамадзян-беларусаў: выдавала ім пашпарты, бараніла іх палітычныя і маёмасныя правы[14].

У снежні 1919 года Радаю БНР быў прыняты і Закон аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле закону, беларускім грамадзянінам лічылася кожная асоба, якая да 1914 года была прыпісана да тэрыторыі Беларусі і карысталася правам расійскага падданства. Грамадзяне гэтай катэгорыі залічваліся ў беларускае грамадзянства аўтаматычна і павінны былі зараз жа атрымаць нацыянальныя пашпарты. Адзін з пунктаў Закону вызначаў, што двайное грамадзянства лічыцца „дзяржаўнай здрадай”[15].

У час вайны каля 2-х мільёнаў беларусаў былі вымушаны пакінуць сваё месца жыхарства і выехаць на Украіну і ў Расію. Планамерная арганізацыя іх вяртання на радзіму, папярэджанне эпідэмій і аднаўленне разбураных вайною гаспадарак – усё гэта знаходзілася ў цэнтры ўвагі Рады БНР і Народнага Сакратарыята. Ужо 12 красавіка 1918 года Народны Сакратарыят накіраваў ліст Віленскаму таварыству дапамогі пацярпелым ад вайны з просьбай рабіць старанні перад нямецкімі ўладамі аб найхутчэйшым вяртанні бежанцаў-беларусаў дадому.

17 красавіка 1918 года Народны Сакратарыят накіраваў у Гомель Язэпа Гуміна „дзеля сьвядомасці аб палажэньні жыдоў бежанцаў” у Заходняй Беларусі[16].
Ужо ў маі 1918 года была створана камісія па справах уцекачоў. У яе склад увайшлі ксёндз Гадлеўскі, Лянкоўскі, Бадунова, Бартош, Прыстар.

5 чэрвеня 1918 года для ўрэгулявання бежанскага пытання ў Петраград, Маскву, Віцебск і Смаленск быў накіраваны Яфім Бялевіч, а Уладзімер Грэмякоў – камандзіраваны ў бежанскіх справах у Баранавічы, Сіняўку, Замір’е і Мір. 8 чэрвеня 1918 годзе дзеля каардынацыі дзейнасці ў справе вяртання бежанцаў у Вільню быў накіраваны Эдуард Будзька17. Паштовы чыноўнік Мінскага чыгуначнага аддзяленьня Часлаў Камарніцкі быў накіраваны 25 чэрвеня 1918 года з даручэннем зрабіць рэгістрацыю ўсіх чыноўнікаў, эвакуаваных з Беларусі ў Арол, якія хочуць вярнуцца на бацькаўшчыну. Справавод Мінскай класічнай мужчынскай гімназіі Іван Шастак выехаў у Маскву дзеля рээвакуацыі гімназіі ў Мінск. Дзеля звароту сваёй коркавай фабрыкі „Мураванка” на Случчыну выязджаў у Арол Альгерд Яленскі.

У пачатку ліпеня 1918 года ў Народны Сакратарыят наведваюцца прадстаўнікі беларусаў-бежанцаў. Так, дэлегат бежанцаў-гродзенцаў з Екацярынаслава В. Н. Астроўскі прыехаў са спецыяльным даручэннем – даследаваць памеры разбурэння вайною Гродзенскай губерні, таму што каля 200 тысяч бежанцаў пры пасрэдніцтве ўкраінскага ўрада збіраліся вярнуцца ў родныя мясціны[18]. Наведаў Мінск дэлегат беларусаў-бежанцаў Беластока І. Т. Жылкевіч. Бежанцы з Беласточчыны знаходзіліся ў ліпені 1918 года ў Віцебску і хацелі даведацца пра ўмовы вяртання на радзіму. Дзеля вырашэння дадзенага пытання Жылкевіч прыняў удзел у працы камісіі па справах бежанцаў Народнага Сакратарыята. Вялікая колькасць беларусаў-бежанцаў Мінскай губерні знаходзілася ў Гомелі. Упаўнаважаны па рээвакуацыі бежанцаў П. В. Каранкевіч тэрмінова выехаў з Гомеля ў Мінск. 17 ліпеня 1918 года Фёдарам Мазалевічам было заснавана Беларускае бежанскае рэгістрацыйнае бюро ў Палтаве[19].

Дзеля вырашэння праблемы бежанцаў 20 ліпеня 1918 года ў Вільню Народным Сакратарыятам быў накіраваны Станіслаў Мураўскі.

Камісія па справах бежанцаў, якую ў пачатку ліпеня 1918 года ўзначаліў Янка Серада, выйшла з прапановай да германскага камандавання пра хутчэйшае вырашэнне пытання вяртання бежанцаў. 11 ліпеня Янка Серада атрымаў паведамленне наступнага зместу: „Пасля таго, як Галоўнакамандуючы дазволіў заснаваць Беларускую камісію пры Германскім камісары па справах бежанцаў у Оршы для хутчэйшага вяртання бежанцаў на радзіму, прашу Вас у самы кароткі час скласці спіс асоб, з якіх будзе складацца гэтая камісія”[20]. 16 ліпеня прадстаўніку нямецкіх уладаў Шрэдэру быў накіраваны адказ, што 13 ліпеня 1918 года была створана камісія ў наступным складзе: Н. І. Танана, С. М. Бардовіч, Г. Я. Сурба. Такім чынам, справа па вяртанні бежанцаў пачала паступова вырашацца.

Народным Сакратарыятам 8 жніўня 1918 года быў накіраваны ліст консулу БНР на Украіне Паўлу Трэмповічу з просьбай дапамагчы Бэрку Гохштэйну і Юдэлю Іргэру ў справе пераводу студэнтаў-беларусаў з расійскіх універсітэтаў ва ўкраінскія.
14 ліпеня 1918 года сяляне вёскі Крамянец Хаценчыцкай воласці Вялейскага павета Віленскай губерні звярнуліся да Народнага Сакратарыята з просьбай памагчы ў справе атрыманьня лесу на адбудаванне пагарэлых хатаў. 22 ліпеня Зямельны аддзел Рады сялянскіх дэпутатаў Хаценчыцкай воласці такі дазвол атрымаў[21]. Для аказання дапамогі Дзіцячаму атраду і прытулкам Камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР 4 ліпеня 1918 года Народным Сакратарыятам было асігнавана 500 рублёў, а старшыні Бежанскага камітэта Навуму Козічу на арганізацыйныя расходы Аршанскага бежанскага камітэта – 1000 рублёў.

У жніўні ўцякацкая камісія Рады БНР пастанавіла прасіць у нямецкіх улад дазвол накіраваць сваіх прадстаўнікоў у наступныя ўцякацкія пункты: Баранавічы, Маладзечна, Гомель, Магілёў[22]. У верасні нямецкія ўлады прапанавалі ўцякацкай камісіі накіраваць аднаго са сваіх членаў для сумеснага абмеркавання шэрагу пытанняў па рээвакуацыі ўцекачоў. Камісія Рады для гэтага камандзіравала Навума Козіча. Пры сумесным абмеркаванні былі станоўча вырашаны многія пытанні, камісія атрымала дазвол адкрыць эвакуацыйнае бюро ў Мінску на Аляксандраўскім вакзале[23].

Намаганнямі Народнага Сакратарыята была дасягнута дамоўленасць з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі пра тое, што першая партыя ўцекачоў, якія знаходзіліся ў Мінску (каля 50 тысяч), будзе адпушчана на радзіму цераз Баранавічы, Маладзечна і Вільню. У кастрычніку 1918 года цераз Баранавічы вярнулася 4 тысячы беларусаў-уцекачоў[24]. Трэба адзначыць, што вырашаліся пытанні не толькі бежанцаў-беларусаў. Так, у лісце сябра Ратамскай Беларускай Рады кс. М. Русецкага Народнаму Сакратарыяту БНР за 2 лістапада 1918 года паведамлялася аб адпраўцы апошніх літоўскіх бежанцаў з Ратамкі на бацькаўшчыну 2 ліпеня 1918 года.

Такім чынам у 1918 годзе Народным Сакратарыятам і Радаю БНР вырашаліся важнейшыя пытанні беларускай дзяржаўнасці: праблема вызначэння межаў і абарона, па-магчымасці, ва ўмовах акупацыі правоў сваіх грамадзян.

Аўтар: Валянцін Мазец

Крыніца: Беларускае Гістарычнае Таварыства (паводле http://hbnr.org/)


Літаратура.

1 Макар Краўцоў, Рада Беларускай Народнай Рэспублiкi, Вiльня 1921, с. 28.

2 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кніга 1, фонд н?р 582 Дзяржаўнага архіву Літвы. Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Укладанне, уступны артыкул, камэнтары, паказальнікі Сяргея Шупы, Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага 1998, с. 79-80.

3 Аддзел рукапiсаў Бiблiятэкi АН Лiтвы, ф. 21, спр. 2183, арк. 1.

4 „Могилёвский голос”, 1918, 2 апреля.

5 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 62, воп. 1, спр. 166, арк. 26.

6 „Гоман”, 1918, н-р 41.

7 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 191, арк. 72.

8 Там жа, спр. 166, арк. 202.

9 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кн. 1, с. 185.

10 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 191, арк. 42.

11 Там жа, спр. 193, арк. 53-56.

12 Там жа, ф. 325, воп. 1, спр. 44, арк. 1.

13 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кн. 1, с. 309-312.

14 „Звон”, 1919, 17 кастрычніка.

15 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 15, арк. 1-2.

16 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кн. 1, с. 101.

17 Там жа, с. 172.

18 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 191, арк. 105.

19 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кн. 1, с. 202.

20 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 192, арк. 57.

21 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, т. 1, кн. 1, с. 213.

22 „Вольная Беларусь”, 1918, н-р 30.

23 „Новый вестник”, 1918, 30 сентября.

24 „Гоман”, 1918, н-р 89.