Беларуская палітычная нарада асуджае польска-савецкую прэлімінарную мірную дамову – кастрычнік 1920 г.
20 кастрычніка 1920 г. Беларуская нацыянальна-палітычная нарада асудзіла расейска-польскую прэлімінарную мірную дамову, якая папярэднічала канчатковай дамове (вядомай як Рыская дамова 1921 г.) і была падпісаная за некалькі дзён перад гэтым. Паводле польска-бальшавіцкага пагадненьня, Беларусь дзялілі на дзьве часткі.
Нарада прайшла ў Рызе пад эгідаю Народнае Рады БНР. У рэзалюцыі, прынятай на ёй, адзначалася:
1. Р.С.Ф.С.Р. i Польшча, немаючыя супольных гранiц i бязжаласна руйнуючыя да гэтай пары Беларусь, ваюючы на яе тэрыторыi, у сучасны момэнт знайшлi магчымым рашыць долю Беларускага Народа i распараджацца яго зямлей без учасьця яго прэдстаунiкоў i iгнаруючы справядлiвымi намаганьнямi Беларускага Народа i яго законнага Урада не дапусьцiлi, не гледзячы на сваечасовые трэбаваньнi да учасьця у перагаворах яго правамоцных дэлегатау.
2. Польшча i Р.С.Ф.С.Р., не гледзячы на энергiчные пратэсты Дэлегацыi Беларускай Народнай Рэспублiкi, 12-га кастрычнiка 1920 году падпiсалi ўмову аб прэлiмiнарным (часовым) мiру, згодна якой
а) з мэтай ашукаць Беларускi Народ i яго кiраўнiкоў прызнаюць незалежнасьць Беларусi, але ў той самы час моўчкi абходзяць пытаньне аб прызнаньнi яго Ўраду як у сучасны момэнт, так i ў будучынi, гэта значэ пакiдаюць за сабой поўную свабоду чыну ў адносiнах да Беларусі;
б) Неўпынна праводзячы ў жыцьцё сваю iмпэрыялiстычную палiтыку, раздзялiлi па ўзаемнаму дагавору Беларусь на дзьве часьцi, аддаўшы самыя культурныя землi Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губ. з польскiм элемэнтам ад 0,2% да 8% (згодна польскай статыстыцы) у безкантрольнае ўладаньне Польшчы i аб’явiушы ў прынцыпе другую часьць незалежнай, перадалi яе фактычна ў распараджэньне Р.С.Ф.С.Р. i паставiлi ў поўную ад яе залежнасьць.
3. Не гледзячы на страшные высiлкi Польшчы i Р.С.Ф.С.Р. задушыць Беларускае нацыянальнае адраджэньне i паралiзаваць барадзьбу Беларускага Народа за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублiкi, не гледзячы на штучнае iзаляваньне ад Беларускага Народа яго нацыянальных дзеячоў i перапоўненьне iмi польскiх i расiйскiх турм, не гледзячы, урэшцi, на безжаласныя расправы з некаторымi з iх — iмкненьне Беларускага Народа да незалежнага нацыянальна-дзяржаўнага iстнаваньня не толькi не аслабелi, але наадварот акрэплi настолькi, што спужалi i змусiлi лiчыцца з сабой прыгнётчыкаў Беларускага Народа i вырвалi ў iх прызнаньне незалежнасьцi Беларусi.
Удзельнікі нарады падкрэсьлілі, што дамова ня можа лічыцца правамоцнай для Беларусі, бо беларускія прадстаўнікі не былі дапушчаныя да ўдзелу ў перамовах па ёй.