“Пагоня”, Герб Беларускай Народнай Рэспублікі
Герб “Пагоня” вядомы з 1278 г., калі сустракаецца першае ягонае апісаньне ў беларускіх летапісах: “в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый погоня”.
На працягу многіх стагодзьдзяў “Пагоня” была беларускім дзяржаўным і рэгіянальным гербам: гербам Вялікага княства Літоўскага, элемэнтам гербу Рэчы Паспалітай, у розных варыяцыях – гербам беларускіх вайводзтваў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітае, потым – гербам ці элемэнтам гербаў беларускіх губэрняў у складзе Расейскае Імпэрыі.
Ад 1918 г. “Пагоня” – герб Беларускай Народнай Рэспублікі і сымбаль барацьбы беларусаў за сваю незалежную і дэмакратычную дзяржаву. У 1991 годзе “Пагоня” была зробленая дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь.
Сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі
Белы і чырвоны як геральдычныя колеры гербу “Пагоня” зьяўляюцца колерамі беларускай дзяржаўнасьці на працягу многіх стагодзьдзяў. Сьцяг Вялікага княства Літоўскага яўляў сабой чырвонае палотнішча зь белай “Пагоняй”, сьцяг Рэчы Паспалітай складаўся з чырвонай, белай і чырвонай палосаў.
Ад пачатку 20. стагодзьдзя белы і чырвоны колеры выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам. На Першым Усебеларускім Кангрэсе 1917 г. бел-чырвона-белы сьцяг ужо ў сваім сучасным выглядзе выкарыстоўваўся як агульнапрызнаны сьцяг беларускага народу. Ад 1918 году ён зьяўляецца дзяржаўным сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
На працягу 20-х і 30-х гадоў бел-чырвона-белы сьцяг быў сымбалем руху за нацыянальныя правы беларусаў у міжваеннай Польшчы і ў БССР. У другой палове 20. стагодзьдзя сьцяг выкарыстоўваўся як сымбаль Беларусі ў краінах Вольнага сьвету. Гэты сьцяг шмат разоў падымаўся на Дзень незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка над афіцыйнымі ўстановамі (ратушамі Таронта, Манчэстэру і іншых гарадоў) у знак павагі да нашай краіны і да беларускага народу.
Пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларусь адрадзіла сваю незалежнасьць і зрабілася агульнапрызнаным членам міжнароднай супольнасьці ў 1991 годзе. Менавіта гэты сьцяг быў падняты на першых амбасадах незалежнай Беларусі ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША, Расеі і іншых краінах. Пад бел-чырвона-белым сьцягам беларускія спартоўцы ўпершыню выступалі як самастойная зборная на Алімпійскіх гульнях.
“Ваяцкі марш”, Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі
Тэкст песьні быў упершыню апублікаваны 30 кастрычніка 1919 году ў газэце “Беларусь”. У якасьці гімну Беларускай Народнай Рэспублікі марш быў прыняты ў 1920 годзе. Песьня выкарыстоўвалася ўдзельнікамі Слуцкага Збройнага Чыну. Потым марш актыўна выкарыстоўваўся арганізацыямі беларускае дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазыцыях.
У 1991 годзе, пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, вылучаліся прапановы зрабіць “Ваяцкі марш” гімнам Рэспублікі Беларусь, побач з аднаўленьнем гербу “Пагоня” і Бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. У прыватнасьці, з публічным зваротам наконт гэтага выступілі вядомыя літаратары Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін.
музыка Ўладзімера Тэраўскага, словы Макара Касьцевіча (Краўцова)
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.
На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
І першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
Ў крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!