Рада Беларускае Народнае Рэспублікі – найстарэйшая дзеючая беларуская палітычная і дзяржаўная інстытуцыя, захавальнік традыцый беларускага нацыянальнага руху ад пачатку XX стагодзьдзя.
У лютым і сакавіку 1918 г. Рада БНР у трох Устаўных Граматах абвесьціла Беларусь сувэрэннай дэмакратычнай дзяржавай, у якой гарантуюцца і ахоўваюцца ўсе асноўныя правы чалавека і дэмакратычныя свабоды. 25 сакавіка, Дзень прыняцьця Трэцяй Устаўной Граматы, з таго часу сьвяткуецца як Дзень Незалежнасьці Беларусі або Дзень Волі.
У 1918-1919 гг. Рада БНР выконвала функцыю часовага найвышэйшага калектыўнага органа дзяржаўнага кіраваньня на Беларусі. Яе задачаю была падрыхтоўка да правядзеньня Ўстаноўчага Сойму, на якім мелі быць прынятыя базавыя законадаўчыя акты і распачаты працэс фармаваньня сталых органаў улады ў краіне. Савецкая акупацыя Беларусі не дазволіла гэтым плянам спраўдзіцца.
Ад 1919 г. Рада БНР дзейнічае ў выгнаньні. За гэты час Рада як прадстаўнік інтарэсаў Беларусі ў вольным сьвеце ўсталявала шчыльныя рабочыя кантакты з урадамі і дыпляматычнымі службамі многіх дзяржаваў, арганізавала шматлікія інфармацыйныя і адукацыйныя праекты, ад стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў у заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтах да выданьня беларускае літаратуры і пэрыёдыкі. Намаганьнямі Рады БНР было арганізаванае вяшчаньне беларускае службы “Радыё Свабода”, якое па сёньняшні дзень застаецца важным беларускім сродкам масавае інфармацыі.
Адной з задачаў Рады было і застаецца інфармаваньне грамадзкасьці і палітычных колаў краінаў вольнага сьвету аб Беларусі і яе становішчы. Прадстаўнікі Рады БНР неаднаразова выступалі ў Парлямэнце Вялікай Брытаніі, мелі сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Чэскае Рэспублікі і іншых краінаў. Дзякуючы высілкам Рады БНР яшчэ ў 20-х гг. XX стагодзьдзя палітычнае кіраўнцтва краінаў Захаду было паінфармаванае аб самастойных інтарэсах беларускага народу і пра яго дзяржаўніцкія памкненьні. Менавіта Рада БНР за шмат дзесяцігодзьдзяў пасьлядоўнае працы падрыхтавала глебу для прызнаньня міжнароднай супольнасьцю незалежнасьці Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе.
Пасьля распаду СССР і камуністычнага блёку аналягічныя экзыльныя дзяржаўныя структуры іншых краінаў нашага рэгіёну – польскі, украінскі і эстонскі ўрады у выгнаньні, латвійская дыпляматычная служба ў выгнаньні і іншыя – склалі свае паўнамоцтвы на карысьць дэмакратычна абраных уладаў сваіх краінаў. За кароткі час адносна дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі Рада БНР не пасьпела гэтага зрабіць: сфармаваны ў 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР XII скліканьня яшчэ ня мог лічыцца дэмакратычна абраным парлямэнтам незалежнае Беларусі, а выбары ў Вярхоўны Савет XIII скліканьня ў 1995 годзе прайшлі зь істотнымі парушэньнямі ва ўмовах набіраючага моц аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Сучасная місія Рады БНР палягае ў прадстаўніцтве інтарэсаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі ў сьвеце. Рада ўключае восемдзесят членаў (“радных”), якія прадстаўляюць беларускія арганізацыі з 15 краінаў: Аўстраліі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Латвіі, Літоўскай Рэспублікі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі. Кожныя два гады Рада БНР праводзіць Сэсіі, паміж якімі сталым дзеючым органам застаецца Прэзыдыюм Рады.