Беларусы прапануюць адраджэньне ВКЛ – 23.04.1918
23 красавіка 1918 г. на перамовах у Вільні з прадстаўнікамі Тарыбы прадстаўнікі Рады БНР і беларускага насельніцтва Віленшчыны заявілі, што палітычным ідэалам беларусаў зьяўляецца адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага як фэдэрацыі Летувы і Беларусі.
Кіраўніцтва БНР заўсёды разглядала Вялікае Княства Літоўскае як папярэдняе ўвасабленьне беларускай дзяржаўнасьці. Ва ўсіх адпаведных інфармацыйных матэрыялах гаворыцца пра пераемнасьць Беларускай рэспублікі ад Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржаўны сымбаль ВКЛ – герб “Пагоня” – быў прыняты ў якасьці дзяржаўнага герба і Беларускай Народнай Рэспублікай.
Гістарычныя здабыткі і дасягненьні Вялікага Княства Літоўскага – гэта супольная спадчына беларусаў, літоўцаў, палякаў Віленшчыны і ўкраінцаў, якая павінна яднаць народы нашага рэгіёну.