Аляксандар Галавінскі
Аляксандар Галавінскі – дыплямат БНР, дарадца Міністэрства замежных справаў БНР, дзеяч беларускай дыяспары ва Ўкраіне і Летуве, актывіст Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, рэпрэсаваны савецкімі акупацыйнымі ўладамі.
Нарадзіўся ў кастрычніку 1886 г. у вёсцы Муравіны Клімавіцкага павету (цяпер Касьцюковіцкі раён Магілёўскай вобласьці).
У 1912 годзе скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут. Падтрымліваў кантакты з эсэрамі, арыштоўваўся за ўдзел у студэнцкім руху.
З 1918 г. член прэзыдыюма Кіеўскай беларускай рады. У лістападзе 1918г. — раднік дыпляматычнага прадстаўніцтва БНР ва Ўкраіне.
З канца 1918 у Горадні, быў дарадцам па тэхнічна-эканамічных пытаньнях у Міністэрстве замежных справаў БНР. У 1919 затрыманы румынскімі ўладамі.
Вясной 1921 году ў якасьці прадстаўніка ўраду БНР быў дэлегаваны ў Маскву.
З 1921 году жыў у Летуве, быў старшынём Беларускай нацыянальнай сувязі, замежнага ЦК БПС-Р у Коўне. Выдаваў часопіс “Покліч”.
У кастрычніку 1925 году ўдзельнічаў Бэрлінскай канфэрэнцыі, удзельнікі якой абвесьцілі пра ліквідацыю ўраду БНР, што не было падтрымана Радай БНР.
У 1927 арыштаваны летувіскімі ўладамі. Пасьля вызваленьня пераехаў у БССР, дзе працаваў у Савеце народнай гаспадаркі БССР (рэгіянальная эканамічная адміністрацыя) загадчыкам сэкцыі праектнага бюро Інстытуту прамысловасьці.
18.7.1930 аршытаваны ў Менску па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 10.6.1931 як “член контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі” да 5 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў горад Горкій (цяпер Ніжній Ноўгарад). Далейшы лёс не вядомы.
10.6.1988 рэгабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа Галавінскага і іншых № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.