ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ З НАГОДЫ СЬВЯТА 25 САКАВІКА

Дарагія мае суродзічы, браты і сёстры беларусы!

Я хачу павіншаваць вас сёньня з Днём Волі, угодкамі таго слаўнага 25 сакавіка 1918 году, калі наш народ абвесьціў пасьля больш стагодзьдзя няволі, што ён “скінуў апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці”.

Пасьля таго, як бальшавікі адабралі ў нас незалежнасьць нашай дзяржавы, мы 70 гадоў змагаліся, каб яе аднавіць. І мы перамаглі: 25 жніўня 1991 году была абвешчаная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь.

На жаль, былы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зноў уцягнуў наш край у няволю. Ён прадаў Беларусь, каб захаваць сваю ўладу. І нашаму беднаму народу зноў трэба змагацца за свабоду.

Але мы здолелі захаваць наш край ад нападаў з боку ворагаў на працягу тысячы гадоў. Маем доўгі досьвед змаганьня за волю.

Прыйшоў час, калі гэты досьвед нас зноў выратуе. Мы здолеем перамагчы і гэтым разам.

Давайце выйдзем шчыльнымі радамі, так, як сёньня выйшлі нашыя браты-ўкраінцы. І пакажам сьвету – так, як паказалі ў 2020 годзе на вуліцах нашых гарадоў – што мы адважны і вальналюбны народ. Пакажам, што мы маем ня меншае права, чым нашыя суседзі, жыць у сваёй вольнай і незалежнай дзяржаве.

Спробы дыктатарскай Расеі пазбавіць Беларусь свабоды – гэта спроба абрабаваць нас так, як расейскі імпэрыялізм столькі разоў ужо рабіў у нашай гісторыі.

Але мы выжылі праз стагодзьдзі – выжывем і цяпер.

Дык віншую ўсіх нас з Днём Волі!

Давайце разам, ува ўсім сьвеце, належна адзначым гэтае найбольшае нашае нацыянальнае сьвята. Давайце адзначым яго зь верай у нашую перамогу.

Жыве Беларусь!

You may also like...