ПАГРОЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ ЗАСТАЕЦЦА АКТУАЛЬНАЙ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада БНР зьвяртае ўвагу на закрытыя непублічныя кантакты паміж рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, якія працягваюцца ў цяперашні неспакойны для Беларусі час і часткай якіх мае зрабіцца асабістая сустрэча А. Лукашэнкі і Ў. Пуціна, заплянаваная на 30 чэрвеня ў Ржэве, Расея.
Ліквідацыя дзяржаўнага сувэрэнітэта Беларусі і далучэньне тэрыторыі Беларусі застаецца доўгатэрміновай мэтай агрэсіўнага нацыяналістыянага рэжыму, які пануе ў цяперашняй Расеі.
А. Лукашэнка прыйшоў да ўлады і ўсталяваў свой аўтарытарны рэжым як праваднік інтарэсаў рэваншысцкіх колаў у Расеі. Больш як два дзесяцігодзьдзя рэжым А. Лукашэнкі выжываў выключна дзякуючы эканамічнай і палітычнай падтрымцы з боку Расейскай Фэдэрацыі.
У цяперашні час пандэмія каранавіруса і эканамічны крызіс падкасілі папулярнасьць аўтарытарнага кіраўніцтва як у Беларусі, так і ў Расеі. Гэта адбылося ў вырашальны для абодвух рэжымаў момант, калі ў Беларусі ідзе кампанія па выбарах прэзыдэнта, а ў Расеі адбываецца галасаваньне па новай Канстытуцыі, якая мае яшчэ больш умацаваць аўтарытарны характар палітычнага рэжыму ў краіне.
Беларускае грамадзтва павінна аказаць ціск на ўлады Рэспублікі Беларусь і не дапусьціць здачу А. Лукашэнкам сувэрэнітэта Беларусі ў абмен на чарговую дапамогу з боку Расеі.
Рада БНР паўторна заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх арыштаваных палітыкаў, актывістаў, журналістаў і блогераў, а таксама правесьці свабодныя і дэмакратычныя выбары ва ўсе органы ўлады ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі.