НЕРАССЬЛЕДВАНЬНЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫКАЎ МОЖА СЬВЕДЧЫЦЬ ПРА НЕЖАДАНЬНЕ ЎЛАДАЎ, КАБ ГРАМАДЗТВА ВЕДАЛА ПРАЎДУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
7 ліпеня 2020 года спаўняецца 20 гадоў з дня зьнікненьня і, відавочна, забойства апэратара Дзьмітрыя Завадзкага, які працаваў у здымачнай групе беларускага апазыцыйнага журналіста Паўла Шарамета.
Зьнікненьне Дзьмітрыя Завадзкага стала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі і сьмерцямі ўплывовых беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх дзеячоў у канцы дзевяностых і пачатку нулявых гадоў. Перадусім гэта зьнікненьні дэпутата Вярхоўнага Савета і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, прадпрымальніка і прыхільніка беларускай дэмакратычнай апазыцыі Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных справаў генэрала Юрыя Захаранкі, а таксама сьмерць пры не да канца высьветленых абставінах былога старшыні гарвыканкама Маладэчна, дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі.
За гады, што прайшлі з моманту зьнікненьня і сьмерці гэтых асобаў, зьявіліся пераканаўчыя сьведчаньні, што іхныя выкраданьні і забойствы маглі быць справай рук так званых “эскадронаў сьмерці”, створаных унутры сыстэмы карных органаў аўтарытарнага рэжыма ў Беларусі для фізычнай ліквідацыі палітычных апанэнтаў А. Лукашэнкі.
Некаторыя іншыя беларускія дэмакраычныя палітыкі, у тым ліку лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк, былі вымушаныя эміграваць зь Беларусі, маючы інфармацыю пра пагрозу магчымай падрыхтоўкі забойства з боку карных органаў рэжыма А. Лукашэнкі.
Афіцыйныя ўлады Беларусі не правялі адкрытага рассьледваньня зьнікненьня і сьмерці беларускіх палітыкаў, якія застаюцца аднымі з найбольш рэзанансных злачынстваў у гісторыі постсавецкай Беларусі.
Адсутнасьць пераканаўчых публічных вынікаў рассьледваньня можа сьведчыць пра незацікаўленасьць афіцыйных уладаў у тым, каб грамадзтва даведалася праўду.
Калі сьведчаньні пра выкраданьні і забойствы беларускіх палітыкаў і журналістаў “эскадронамі сьмерці” знойдуць пацьверджаньне, Аляксандар Лукашэнка мае панесьці асабістую адказнасьць за арганізацыю гэтых забойстваў або за пакрывальніцтва іхных ініцыятараў, арганізатараў і выканаўцаў.
Рада БНР патрабуе неадкладнага празрыстага публічнага рассьледваньня зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама абставінаў сьмерці Генадзя Карпенкі, журналіста Анатоля Майсені, журналіста Алега Бябеніна і іншых вядомых падобных выпадкаў.
Рэзанансныя палітычныя забойствы, арганізатары і выканаўцы якіх чыняць незаконныя перашкоды сьледзтву, ня маюць тэрміна даўніны. Іхнае сумленнае рассьледваньне зьяўляецца прамым абавязкам органаў правапарадку Рэспублікі Беларусь. Рада БНР заклікае сумленных і верных прафэсійным стандартам супрацоўнікаў сьледчых органаў Рэспублікі Беларусь весьці падрыхтоўку да правядзеньня сьледзтва па гэтых справах, незалежна ад цяперашніх распараджэньняў кіраўніцтва.