Зварот Старшыні Рады БНР да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі
Дарагія мае Суродзічы, дарагія Сябры Беларусы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з Стагодзьдзем!
Сьвяткуем мы сёньня ня толькі Юбілей таго слаўнага 25-га Сакавіка 1918 году, калі народ наш аб’явіў сьвету, што «скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці», але і стагодзьдзе змаганьня, часта ў вельмі цяжкіх умовах, каб ажыцьцявіць ідэалы 25 Сакавіка.
Сёньня, сто год пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларусь жыве і жывуць ідэалы 25 Сакавіка. Шлях наш быў цярністым, але мы выжылі, і не дазволілі згаснуць нашай паходні надзеі.
Дарагія Сябры! Без гэтай паходні надзеі, не аднавілі б мы незалежнасьці Рэспублікі Беларусь ў 1991-м годзе, бо не было б ужо каму яе аднаўляць. Не было б БНР, не было б БССР, не было б і незалежнай дзяржавы Беларусь.
Але ідэалаў БНР мы яшчэ ня зьдзейсьнілі. Беларускі дом яшчэ ўсё ня зусім беларускі, і незалежнасьць яго яшчэ ўсё пад пагрозай.
Ці знойдзе наш народ сілы адбудаваць яго зьсярэдзіны? Ці хопіць у нас вытрываласьці, каб адбудоўваць яго, пакуль не адродзім назаўсёды «жыцьцё рэспублікі сваей»? Ці перажытае прамываньне мазгоў чужой прапагандай дазволіць нашым людзям прызнаць, што былі яны анямелымі ахвярамі чужога захопніка?
І ці зразумее народ, што будучыня ў яго руках і што ад яго залежыць, ці Беларусь станецца заможнай краінай Эўропы, ці застанецца эксплюатаванай калёніяй замежных недобразычліўцаў.
Дарагія Суродзічы! Ідэалы БНР жывуць і будуць жыць. Але ад кожнага з нас залежыць, калі мы іх зьдзейсьнім.
Дык давайце скарыстаем з гэтага вялікага Юбілею, каб даказаць сабе і сьвету, што мы іх годныя.
Жыве Беларусь!