Натальля Радзіна ўзнагароджаная Мэдалём да 100-годзьдзя БНР
Журналістка Натальля Радзіна, галоўны рэдактар онлайн-выданьня “Хартыя’97”, ўзнагароджаная Мэдалём да стагодзьдзя БНР.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракамэнтавала:
“Натальля Радзіна – гэта, безумоўна, гонар беларускай журналістыкі. Гэты чалавек ёсьць узорам гераізму і адвагі, рашучасьці казаць праўду і бараніць вольнае слова, нягледзячы на пагрозы й рэпрэсіі.
У асобе Натальлі Радзінай мы адзначаем увесь калектыў легендарнай “Хартыі’97”. Гэта адно з галоўных беларускіх незалежніцкіх і дэмакратычных мэдыяў, пры гэтым і адно з самых першых выданьняў у беларускім інтэрнэце. Журналісты “Хартыі” шмат гадоў самаахвярна змагаюцца за волю і годнасьць усіх беларусаў, рызыкуючы ўласнай свабодай і нават жыцьцём.”
Дэкрэт аб узнагароджаньні Мэдалём да стагодзьдзя БНР быў падпісаны 24 сьнежня 2018 году. У сьпіс узнагароджаных увайшло больш за 130 чалавек – палітыкаў, актывістаў, культурніцкіх дзеячоў і навукоўцаў зь Беларусі, беларускае дыяспары, а таксама зь ліку замежнікаў.
***
Натальля Радзіна нарадзілася ў 1979 годзе ў Кобрыні, скончыла факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Ад 1997 году яна працавала ў незалежных выданьнях: газэтах “Навіны”, “Народная Воля”, “Наша Свабода”. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Натальля Радзіна была незаконна арыштаваная і правяла ў зьняволеньні некалькі месяцаў, пасьля чаго ёй атрымалася пакінуць Беларусь. У 2011 годзе яна была ўзнагароджаная прэміяй амэрыканскага Камітэту абароны журналістаў “За асабістую мужнасьць” (CPJ International Press Freedom Award).
Хартыя’97” – адно з самых старых і найбольш папулярных незалежных беларускіх інтэрнэт-выданьняў. На працягу ўжо больш як 20 гадоў “Хартыя’97” пасьлядоўна і непахісна абараняе каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі.
Журналісты і рэдактары “Хартыі’97” неаднаразова былі аб’ектам палітычных рэпрэсіяў з боку ўладаў Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік і рэдактар Алег Бябенін быў забіты пры дагэтуль ня высьветленых абставінах напярэдадні сумнавядомых прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.