БУДУЧЫНЯ Ў РУКАХ КОЖНАГА І КОЖНАЙ З НАС. ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ
Дарагія суродзічы-беларусы,
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з 25 жніўня, днём адраджэньня незалежнасьці Беларусі.
Пачынаецца юбілейны, трыццаты год існаваньня адроджанай Беларусі як сувэрэннай паўнавартаснай дзяржавы. Адраджэньне Беларусі было вынікам дзесяцігодзьдзяў упартай барацьбы, тысячы людзей ахвяравалі жыцьцём і свабодай дзеля гэтага.
Нашае змаганьне за свабоду і дэмакратыю ня скончаная і дагэтуль. Сотні тысячаў беларусаў у апошнія тыдні пераадолелі свой страх і, нягледзячы на пагрозы дыктатара і ягоных памагатых, выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб заявіць, што Беларусь павінна належаць усім яе жыхарам, а не аднаму чалавеку.
Перамога над тыраніяй ня будзе простай. Нашаму народу наканавана прайсьці праз больш жорсткія выпрабаваньні, чым іншым.
Я жадаю ўсім нам сілаў, трываласьці і веры ў лепшую будучыню. Гэтая будучыня ў руках кожнага беларуса, кожнага і кожнай з нас.
Будзьце сьмелыя, будзьце годныя, будзьце моцныя духам, каб дачакацца перамогі і наблізіць яе. Праўда на нашым баку, і перамога будзе нашай.
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР