КАМУНІСТЫЧНЫ РЭЖЫМ НЯСЕ ПРАМУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ КАТАСТРОФУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Заява XXIX чарговай сэсіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі З нагоды 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Трыццаць гадоў таму адбылася самая страшная тэхнагенная і экалягічная катастрофа ў гісторыі Беларусі. У выніку выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі каля ўкраінска-беларускай мяжы ў атмасфэру былі выкінутыя вялікія аб’ёмы радыёактыўных рэчываў, да 70% зь якіх апалі на тэрыторыі Беларусі.

Рада БНР канстатуе, што Беларусь больш за ўсе краіны пацярпела ад Чарнобылю і што наступствы гэтай катастрофы будуць адчувацца ў Беларусі многія стагодзьдзі. Траціна тэрыторыі Беларусі была забруджаная радыяцыяй, вялікія абшары зрабіліся непрыдатнымі да жыцьця чалавека. Рэзка вырасьлі паказьнікі захворваньня беларусаў на хваробы, выкліканыя наступствамі Чарнобыльскай аварыі – у першую чаргу, анкалягічныя.

Рада БНР заяўляе, што прамую адказнасьць за Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы для Беларусі нясе таталітарны камуністычны рэжым – як цэнтральныя агульнасаюзныя ўлады, так і акупацыйныя “рэспубліканскія” ўлады БССР:

– Сама Чарнобыльская катастрофа сталася вынікам неэфэктыўнага савецкага гаспадараньня, неэфэктыўных савецкіх тэхналёгій і хібаў пры выкананьні праектных і будаўнічых працаў;

– Пасьля аварыі камуністычныя ўлады імкнуліся замоўчваць ці заніжаць маштабы таго, што адбылося, ажно да таго моманту, калі радыяцыйныя выкіды з Чарнобылю дайшлі да краінаў Заходняй Эўропы;

– Камуністычныя кіраўнікі праявілі злачынную бязьдзейнасьць у найбольш крытычныя першыя дні пасьля аварыі, праводзячы ў звычайным рэжыме першамайскія масавыя мерапрыемствы замест таго, каб папярэдзіць пра неабходныя меры бясьпекі;

– Паводле наяўнай інфармацыі, савецкая авіяцыя наўмысьне асаджала радыёактыўныя хмары на тэрыторыі Магілёўшчыны і Гомельшчыны, каб яны не пайшлі далей у бок Расеі і Масквы.

Рада БНР зьвяртае ўвагу, што Беларусь не атрымала ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай ніякіх кампэнсацый ані ад цэнтральных савецкіх уладаў, ані ад юрыдычнага пераемніка СССР – Расейскай Фэдэрацыі.

Рада БНР канстатуе, што рэжым А. Лукашэнкі яшчэ зь 90-х гадоў праводзіць палітыку па рэкультывацыі чарнобыльскіх тэрыторыяў і адзначыўся рэпрэсіямі супраць навукоўцаў, якія папярэджваюць пра небясьпеку гэткае палітыкі. Забруджаныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчай вытворчасьці. Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС пазбаўленыя ільготаў. Акрамя гэтага, рэжым А. Лукашэнкі без належнага грамадзкага абмеркаваньня і ня маючы дэмакратычнага мандату ад народу Беларусі будуе атамную электрастанцыю ў Астраўцы, на мяжы зь Літоўскай Рэспублікай, выкарыстоўваючы расейскіх кантрактараў і савецкія тэхналёгіі.

Рада БНР заклікае да адказнай палітыкі ў энэргетыцы, сельскай гаспадарцы і разьвіцьці тэрыторый, каб не дапусьціць рызыкі паўтарэньня аналягічнай аварыі і каб найбольш эфэктыўна пераадольваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Рада БНР патрабуе прыпыненьня будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі да моманту паўнавартаснага, адкрытага і справядлівага абмеркаваньня гэтага пытаньня ў беларускім грамадзтве.

 

Заява ў фармаце PDF

You may also like...