Чэслаў Сіповіч, першы біскуп адроджанай Беларускай грэка-каталіцкай царквы
8 сьнежня 1914 г. у Браслаўскім павеце нарадзіўся Чэслаў Сіповіч, першы біскуп адроджанай Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Паходзіў з шматдзетнае сялянскае сям’і беларусаў-католікаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы, а пасьля ў Друі. Ад 1928 вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў-марыянаў. Пасьля яе заканчэньня ў 1935 г. вывучаў філязофію й тэалёгію ў Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя.
З 14 гадоў праходзіў фармацыю ў кляштары беларускіх айцоў-марыянаў у Друі. Яго духоўным настаўнікам быў а. Язэп Германовіч. 1 жніўня 1933 г. уступіў у навіцыят марыянаў; першыя манаскія зарокі склаў 15 жніўня 1934 г. 9 ліпеня 1938 г. паводле загаду польскіх уладаў быў, разам зь іншымі марыянскімі студэнтамі, выселены з Друйскага кляштару, і ня змог працягваць навучаньня ўва ўнівэрсытэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады.
Духоўнымі ўладамі Сіповіч быў накіраваны ў Рым, працягваў навучаньне на прапанову вышэйшых духоўных уладаў ордэну марыянаў на тэалягічным факультэце Папскага Грыгарыянскага ўнівэрсытэту ў Рыме. Сан сьвятара прыняў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г. ад расейскага каталіцкага біскупа Аляксандра Яўрэінава. У 1942 годзе атрымаў ступень ліцэнцыята, затым вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму, якую абараніў 19 сьнежня 1946 г.
Рэктар Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі (1947). Быў беларускім прадстаўніком у Цэнтральным Каардынацыйным Камітэце дабрачынных арганізацыяў уцекачоў (1949—1960).
2 ліпеня 1960 г. быў намінаваны тытулярным біскупам Марыямэтанскім. 4 жніўня 1960 г. на Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе ў Мюнхене ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Іван Бучко ў саслужэньні з украінскім біскупам Платонам Карніляком і расейскім біскупам Андрэем Катковым хіратанізавалі Чэслава Сіповіча на біскупа.
Удзельнік 2-га Ватыканскага сабору (1962—1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генэрал Ордэну айцоў марыянаў у Рыме (1963—1969).
Ад 1959 г. віцэ-старшыня, а ад 1965 г. ганаровы віцэ-прэзыдэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лёндане — брытанскае арганізацыі, створанай у 1926 г. з мэтай пашырэньня ў ангельскамоўным сьвеце ведаў пра ўсходняе хрысьціянства.
Сябра Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі й дзейнасьці Ангельска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфэратамі гісторыка-культуралягічнага характару на курсах беларусазнаўства. Сябра рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies».
У складзе ініцыятыўнае групы беларускіх духоўных і сьвецкіх дзеячаў (Пётра Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад папам Піем ХІІ аб назначэньні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы сьв. Кірылы Тураўскага і інтэрнату пры Лёнданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік беларускага рэлігійнага й культурнага цэнтру ў Лёндане. У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцьця й заснавальнік Беларускае бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музэя пры ёй (травень 1971). Удзельнічаў у зьездах беларускіх каталіцкіх сьвятароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979).
Актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі эміграцыйнымі пэрыядычнымі выданьнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публікаваў артыкулы рэлігійнае й культурна-грамадзкае праблематыкі ў ангельскамоўных выданьнях.