Рада БНР заклікае да рашучых мераў па барацьбе з каранавірусам
Рада БНР выказвае занепакоенасьць недастатковымі мерамі, якія прымаюць улады Беларусі ў сувязі з пандэміяй новага каранавіруса COVID-19.
Краіны Эўрапейскага Зьвязу, Паўночнай Амэрыкі, Азіі надзвычай сур’ёзна ўспрынялі цяперашнюю пагрозу. У многіх краінах уведзеныя строгія карантынныя меры.
Адначасова з гэтым Беларусь застаецца адзінай сярод краінаў Эўропы, чые ўлады ў цяперашняй сытуацыі дэманструюць лёгкадумнасьць, якая можа выліцца ў трагедыю для Беларусі.
Беларусь мае трагічны досьвед, калі недэмакратычная акупацыйная савецкая адміністрацыя ў часы Чарнобыльскай катастрофы праявіла злачынную халатнасьць і бязьдзеяньне, не прыняўшы неабходных мераў па абароне насельніцтва ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Бязьдзеяньне ўладаў БССР у 1986 годзе каштавала мільёнам беларусаў здароўя і гадоў жыцьця.
Недапушчальна, каб гэтая сытуацыя паўтарылася зноў.
Рада БНР заклікае беларускія ўлады да адкрытасьці і адказнасьці перад беларускім грамадзтвам, і патрабуе неадкладна прыняць усе неабходныя меры дзеля забесьпячэньня аховы здароўя людзей ва ўмовах пандэміі.