Улады Беларусі не прымаюць мераў супраць распаўсюду COVID-19 у турмах: зварот да СААЗ
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьвярнулася да генэральнага дырэктара Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя доктара Тэдраса Адханома Гебрэесуса з прычыны ўмоваў у беларускіх сьледчых ізалятарах пасьля паведамленьняў пра тое, што многія затрыманыя пратэстоўцы заражаюцца COVID-19 падчас знаходжаньня там.
Генэральнаму дырэктару доктару Тэдрасу Адханому Гебрэесусу:
Беларусь зьяўляецца членам Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і падпадае пад дзеяньне яе Канстытуцыі з дня яе ўступленьня ў сілу 7 красавіка 1948 года.
Ад імя беларускага народу, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьвяртаецца да СААЗ з просьбай заклікаць цяперашнюю ўладу Беларусі выконваць свае абавязацельствы па гарантаваньні выкананьня асноўных палажэньняў ратыфікаванай Канстытуцыі СААЗ:
(1) спыніць масавую дыскрымінацыю асобаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні з-за сваіх палітычных перакананьняў, у іхным доступе да прынятых агульнанацыянальных мераў датычна COVID-19, паколькі “карыстаньне самым высокім з магчымых дасяжных узроўнеў здароўя зьяўляецца адным з асноўных правоў кожнага чалавека незалежна ад расы, рэлігіі, палітычных перакананьняў, эканамічнага і сацыяльнага стану”;
(2) узяць на сябе адказнасьць за здароўе сваіх грамадзянаў, забясьпечыўшы належныя меры аховы здароўя і сацыяльныя меры ў месцах масавага ўтрыманьня.
Народ Беларусі заклікае СААЗ адрэагаваць на вострую надзвычайную сытуацыю з аховай здароўя, якая ўзьнікла ў Беларусі з прычыны халатнасьці і адмовы ў аказаньні неабходных мэдычных паслугаў для адной з найбольш уразьлівых групаў насельніцтва, а менавіта для арыштаваных асобаў у месцах групавога ўтрыманьня падчас пандэміі COVID-19. Цяперашняя беларуская ўлада не прымае неабходных мераў для прадухіленьня распаўсюджваньня інфэкцыйнай хваробы COVID-19 у месцах пакараньня і часовага ўтрыманьня. Мы заклікаем СААЗ паўплываць на беларускую ўладу, з мэтай прызнаньня ёю аховы здароўя важным прыярытэтам, які ёсьць аднолькава важным для ўсіх групаў насельніцтва.
Беларускія лекары паведамляюць аб масавых фізычных і псыхалягічных катаваньнях, якія зазналі многія з больш чым 30 000 чалавек, што былі арыштаваныя па палітычных матывах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г. Лекары публічна выказваюць сваю занепакоенасьць у сувязі з жорсткім абыходжаньнем са зьняволенымі і з тымі, хто чакае рашэньня суда. Наступствы жорсткага абыходжаньня прывялі да мноства сур’ёзных непасрэдных і доўгатэрміновых праблемаў са здароўем і нават да сьмерцяў.
Сытуацыя пагаршаецца, калі, насуперак нацыянальнай палітыцы рэагаваньня на COVID-19 і на адпаведныя прафіляктычныя меры, затрыманыя, якія маюць COVID-19, зьмяшчаюцца ў перапоўненыя і часта невентыляваныя камэры разам з іншымі людзьмі, падвяргаючы апошніх заражэньню COVID-19.
Мы спасылаемся на Канстытуцыю СААЗ, у якой гарантуецца пакрыцьцё ўсіх грамадзянаў нацыянальнай палітыкай па ахове здароўя, і просім СААЗ заклікаць цяперашнюю ўладу Беларусі забясьпечыць роўны доступ да мераў, што прымаюцца ў рамках беларускай палітыкі па супрацьдзеяньню COVID-19, аднолькава і для тых, хто пазбаўлены магчымасьці абараніць сябе самастойна. Мы просім СААЗ пасадзейнічаць стрымліваньню распаўсюду COVID-19 у беларускіх турмах і месцах часовага ўтрыманьня і дапамагчы зьняволеным атрымаць доступ да асноўных пратаколаў па ахове здароўя.
У якасьці аднаго з шляхоў выхаду з сытуацыі, якая склалася, мы прапануем заклікаць урад Беларусі адкласьці масавае выкананьне адміністрацыйных пакараньняў, якія ўключаюць пазбаўленне волі, да канца пандэміі COVID.
Народ Беларусі чакае вашых дзеяньняў.
Падпісана:
Доктар Паліна Прысмакова
Сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі