Пачатак дэпартацыі “раскулачаных” сялянаў з Усходняй Беларусі – 03.03.1930

3 сакавіка 1930 года савецкія акупацыйныя ўлады пачалі апэрацыю па масавай дэпартацыі ў Сыбір “раскулачаных” сялянскіх сем’яў з Усходняй Беларусі, якая ў форме БССР была тады часткай Савецкага Саюзу.

“Раскулачаньне” было часткай савецкай сельскагаспадарчай палітыкі, скіраванай на ліквідацыю прыватнага гаспадараньня, усталяваньне татальнага дзяржаўнага кантролю над сельскай гаспадаркай і сялянамі.

Працэс “раскулачаньня” палягаў у поўнай канфіскацыі маёмасьці ў адносна заможных сялянаў. Ён суправаждаўся арыштамі, дэпартацыямі, пазбаўленьнем грамадзянскіх правоў, часам – забойствамі. “Раскулачвалі” ня толькі ўладальнікаў буйных гаспадарак, але часам і “сераднякоў”, якія не жадалі ўступаць у прымусова створаныя савецкія калектыўныя гаспадаркі (калгасы).

“Раскулачаньне” праводзілася згодна са строга сакрэтнай пастановай палітбюро ЦК ВКП(б) “Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі” (“О мероприятиях по ликвидации кулацких хозяйств в районах сплошной коллективизации”), якая была прынятая 30 студзеня 1930 г. Паводле пастановы вызначаліся тры катэгорыі “кулакоў”:

  1. Аднесеныя да першай катэгорыі – “контррэвалюцыйнага кулацкага актыву” – мусілі быць неадкладна зьняволеныя ў канцэнтрацыйныя лягеры.
  2. “Астатнія элемэнты кулацкага актыву”, вызначаныя ў другую катэгорыю, падлягалі дэпартацыі ў аддаленыя мясцовасьці СССР.
  3. Да трэцяй катэгорыі згодна з гэтай пастановай належалі ўсе астатнія заможныя сяляне, якія расьсяляліся на новых, адведзеных ім за межамі ўтвораных калектыўных гаспадарак, землях.

У выніку, паводле справаздачы ОГПУ  “Аб высланых кулаках 2-й катэгорыі” (“О высланных кулаках 2-й категории”) ад 9 лютага 1931 г., падчас апэрацыі па высяленьню кулацтва другой катэгорыі і “адзіночак” з БССР у 1930 годзе было прымусова адпраўлена ў аддаленыя паўночныя раёны СССР 11 079 сем’яў або 52 941 чалавек.

Агулам за два першыя гады калектывізацыі зь Беларусі было дэпартавана 15 724 сям’і, ці 73 415 чалавек. Месцам прызначэньня пераважна былі паўночны Ўрал і іншыя паўночныя рэгіёны эўрапейскай часткі РСФСР, а таксама на Далёкі Ўсход і Якутыя. Акупацыйная савецкая ўлада праводзіла палітыку рэпрэсіяў супраць беларускага сялянства на працягу ўсіх 30-х гадоў.

Пасьля пачатку Другой Сусьветнай Вайны і сумеснага савецка-нацыстоўскага нападу на Польшчу “раскулачваньне” і “калектывізацыя” адбыліся і ў Заходняй Беларусі, далучанай да БССР.

Усяго пад час “калектывізацыі” ў Беларусі было “раскулачана” больш за 24 тысячы сялянскіх гаспадарак.

 

Дакумэнтальны фільм пра ўмовы жыцьця дэпартаваных сялянаў у Сыбіры

Спэцпасяленцы: сялянская трагедыя. Дакумэнтальны фільм тэлеканала ОНТ пра калектывізацыю ў Беларусі, на расейскай мове

Частка 1

Частка 2

You may also like...