ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ
27 лістапада 1920 г. – Дзень герояў, пачатак Слуцкага Збройнага Чына.
У гэты дзень Слуцкая Брыгада БНР прыняла першы бой з войскамі Чырвонай Арміі.
Аддзел 6-й роты Слуцкага Стралковага Палка на чале з паручнікам Кернажыцкім падчас выведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава сутыкнуліся з савецкім выведвальным атрадам. Падчас першай сутычкі случчакі ўзялі “языка”.
Слуцкі Збройны Чын стаў найбольш масавым і арганізаваным збройным выступам у абарону незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На працягу месяца случчакі ладзілі збройны адпор пераважаючым сілам бальшавікоў, якія насоўваліся з усходу.