Этнічная чыстка супраць беларусаў Падляшша ў 1946 г.
У канцы студзеня і пачатку лютага 1946 польская нацыяналістычная банда , якой кіраваў капітан Рамуальд Райс “Буры”, зьдзейсьніла масавае забойства праваслаўных беларусаў на Беласточчыне. Пад час рэйду бандаю Райса было спалена пяць вёсак і па этнічнай прыкмеце забіта 79 праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі.
Банда Райса складалася з прыкладна каля 200 чалавек — былых байцоў Арміі Краёвай зь Віленшчыны і мясцовых палякаў. У 1944 годзе банда Райса перайшла на Падляшша зь Віленшчыны. Пасьля афіцыйнага роспуску Арміі Краёвай Райс уступіў у войска камуністычнай Польшчы, але потым дэзэртаваў і далучыўся да антыкамуністычнага падпольля.
28 студзеня 1946 году банда апынулася каля вёскі Лазіца. Там палякі спынілі абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы. Райс адпусьціў фурманаў каталіцкага веравызнаньня, а праваслаўных прымусіў перавозіць ягоную банду.
29 студзеня аддзел “Бурага” зьдзейсьніў пасьпяховы напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдатаў і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка, якому потым удалося ўцячы.
30 студзеня банда “Бурага”, праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, вырашыла памяняць некаторых вазакоў. Солтысу вёскі было прыказана падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, зь якіх потым назад вярнуліся толькі чацьвёра.
31 студзеня аддзел апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы і вырашыў пазбавіцца ад фурманаў. Дадому былі адпушчаныя тыя зь іх, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і прачытаць малітву “Ойча наш” па-польску, астатнія былі забітыя. Паводле журналіста Яна Максімюка, што дасьледваў гэтую тэму, фурманаў, імаверна, забілі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць.
Агулам у тую ноч было забіта 30 або 31 чалавек з 12 вёсак (Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лазіца, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька).
1 лютага банда “Бурага” спаліла вёскі Заляшаны і Выганоўскую Вольку. Паводле Максімюка, у Заляшанах Рамуальд Райс загадаў сабраць усіх людзей на сход у адной хаце. Палякі заблякавалі дзьверы хаты і падпалілі будынак. Людзям атрымалася вызваліцца і выратавацца. Райс загадаў падпаліць усю вёску, і 15 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад агню.
2 лютага банда Райса спаліла вёскі Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек). Бандыты расстрэльвалі тых, хто спрабаваў выратавацца з агню. Самому старому забітаму было 83 гады, самому малодшаму — 4 гады.
Рамуальд Райс быў схоплены камуністычнай польскай уладай у 1948 годзе. Яго судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1949 годзе. Райс не прызнаў сваёй віны ў масакры беларусаў і перакладаў адказнасьць за забойствы на свайго намесьніка.
Польскі камуністычны рэжым выкарыстоўваў масакру 1946 г. у мэтах прапаганды. Аднак, гэтыя падзеі не было прынята абазначаць як акт генацыду або этнічныя чысткі.
У 1970 годзе ў вёсцы Зані была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць пра ахвяраў масакры.
Месцы пахаваньня некаторых ахвяраў удалося высьветліць толькі праз 50 гадоў пасьля трагедыі. Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму быў створаны Камітэт сем’яў забітых фурманаў, было праведзенае перапахаваньне рэшткаў ахвяраў трагедыі на вайсковых могілках у Бельску-Падляскім і пастаўлены помнік.
У 2005 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці зрабіў афіцыйнае заключэньне, што расправа бандаю Райса над жыхарамі беларускіх вёсак у 1946 г. была злачынствам з прыкметамі генацыду. Акруговы суд у Беластоку ў тым жа годзе заявіў, што дзеяньні банды Райса былі злачынствам генацыду.
Дзеячы беларускай меншасьці ў Польшчы ацэньваюць масакру 1946 г. як адну з найважнейшых падзеяў паваеннай гісторыі рэгіёну.
У той жа час, нацыяналістычныя сілы ў Польшчы імкнуцца да рэгабілітацыі Рамуальда Райса і ягонай банды. У 1995 годзе Вайсковы суд у Варшаве скасаваў сьмяротны прысуд Рамуальду Райсу і рэгабілітаваў яго. Ягоным нашчадкам была выплачаная кампэнсацыя. 2 лютага 2012 году, у дзень угодкаў забойства беларускіх фурманаў, польскі Сойм прыняў рашэньне пра адзначэньне 1 сакавіка “Дня выклятых жаўнераў”.
Кампэнсацыі сем’ям ахвяраў так і не былі выплачаныя.
Падзеям 1946 г. прысьвечаная мастацкая кніга “Акулярнік” вядомай беларуска-польскай пісьменьніцы Кацярыны Бонды.
Дакумэнтальны фільм 90-х гадоў:
Чытай таксама:
“Я іх бачу” – рэпартаж Валянціны Лаеўскай
Ян Максімюк. 1946: час, калі палалі беларускія вёскі на Беласточчыне