Першы беларускі ўрад – 20.02.1918 г.
20 лютага 1918 г. пасьля адступленьня зь Менска бальшавісцкіх войскаў Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят).
Сакратарыят абвясціў сябе вярхоўнай уладай у краі да “склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі”. У кастрычніку 1918 Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР і ў наступным быў вядомы як Урад БНР. Сёньня функцыі Ўраду БНР у выгнаньні выконвае Прэзыдыюм Рады БНР.
Спачатку ва ўрад на чале зь Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасьля іх колькасьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:
Язэп Варонка — старшыня і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў,
Іван Макрэяў — народны сакратар унутраных справаў,
Аркадзь Смоліч — народны сакратар асьветы,
Яўхім Бялевіч — народны сакратар справядлівасьці,
Янка Серада — народны сакратар народнай гаспадаркі,
В. Рэдзька — народны сакратар шляхоў зносін,
Тамаш Грыб — народны сакратар земляробства,
Палута Бадунова — народны сакратар апекі,
А. Карач — народны сакратар пошты і тэлеграфу,
Пётра Крэчэўскі — народны сакратар кантролю,
Гелі Белкінд — народны сакратар фінансаў,
Павал Злобін — сакратар расейскіх справаў,
Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намесьнік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў,
Канстантын Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў,
Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту