Францішак Кушаль
16 лютага 1895 г. у Валожынскім павеце нарадзіўся генэрал Францішак Кушаль – беларускі вайсковец і грамадзкі дзеяч, сябра Рады БНР у выгнаньні.
З нэкралёгу ў часопісе “Божым Шляхам” (№3 (108)):
Францішак Кушаль нарадзіўся ў вёсцы Першаі, Валожынскага павету 16 лютага 1895. Народную школу сконыў у Івянцы. У часе першае сусьветнае вайны студыюе ў афіцэрскай школе.
Пасьля ўстанаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 Сакавіка 1918, афіцэр Кушаль належыць да Беларускай Вайсковай Камісіі. І ад таго часу ён не пакідае змагацца, як жаўнер і як грамадзкі дзеяч, за незалежную Беларусь.
Калі Беларусь разьдзялілі яе суседзі г.зв. рыскім дагаворам, Кушаль знайшоўся ў Заходняй яе частцы пад Польшчай. Не зважаючы на выдатныя вайсковыя здольнасьці і на высокую адукацыю, Фр. Кушаль – дзеля сваёй нацыянальнай прыналежнасьці – цэлы час застаецца ў польскім войску паручнікам.
Пасьля выбуху польска-нямецкай вайны Кушаль трапляе з іншымі польскімі жаўнерамі і афіцэрамі ў маскоўскую турму, дзе на Лубянцы яго трымаюць разам з ген. Андэрсам. Было гэта ў 1940-41.
З Масквы перад самым пачаткам бальшавіцка-нямецкай вайны НКВД адаслала Кушаля ў Валожын, каб мясцовая тайная паліцыя разгледзіла яго справу. Аднак неспадзяваны ўдар немцаў на бальшавікоў разладзіў далейшыя зьдзелкі савецкае паліцыі і Кушаль стаўся вольным.
Праз цэлы час нямецка-бальшавіцкай вайны працуе ён у грамадзкай і ваеннай дзялянках. Калі толькі прышла магчымасьць, Кушаль пачаў арганізаваць беларускае войска, шыкаваць афіцэрскія кадры.
Уздым нацыянальнага адраджэньня і ахвярнасьць Кушаля даходзілі да гераізму. Пры нязвычайна цяжкіх абставінах утварылася 50-тысячная беларуская армія.
У 1945 у Баварыі беларуская армія на чале з ген. Кушалям здала аружжа амэрыканцам.
Наступаюць цяжкія часы “дэпісаўскай” валакіты. Калі аднак у лягерах у Нямеччыне настае час, што можна ня толькі жыць, але і працаваць для свайго народу, Кушаль разам з жонкаю-паэткаю стаіць у першых радох.
У 1950 ў чэрвені пераяжджаюць Кушалі ў Злуч.Штаты Амэрыкі. Зямля Вашынгтона, з сваім нябывалым росквітам і багацьцем, ахвяравала нова-прыбыўшым свабоду, але не зрабіла іх вольнымі ад клопатаў і бедаў. Асабліва цяжка там узладзіцца старэйшым інтэлігентам.
Сям’я Кушаляў перш асела ў Брукліне. Як муж таксама і жонка былі змушанычя прыймаць цяжкія і нярэдка ўніжаючыя варункі працы, каб толькі зарабіць на жыцьцё і каб падтрымаць сваім грошам беларускія арганізацыі.
З Брукліну перабраліся Кушалі ў Нью Ёрк – Мангэтан, а адтуль год таму назад у горад Рочэстэр, дзе і памёр генэрал, прыняўшы сьвятыя дары Каталіцкае Царквы.
Францішак Кушаль паходзіў зь сям’і, у якой трывала традыцыя прасьледу за рэлігію. Дзед генэрала за абарону каталіцкага касьцёла быў сасланы царскай уладай у Сібір і звольнілі яго толькі пад час рэвалюцыі 1905.
Хто бачыў памёршага генэрала, мог заўважыць на ягоным твары заўсёдную павагу, чэснасьць; адначасова на грудзях яго красаваўся бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяжок дый іконка Божае Маці. Гэтую іконку, бачна з бронзы, у бізантыйскім стылі, трымаў з сабой генэрал як годную пашаны рэліквію. Яе калісьці выараў на полі ягоны прадзед.
Якая дзіўна прыгожая сімволіка! – Сын беларускай зямлі, пахаваны ў няведамым яму перад тым Рочэстэры, забраў з сабой знайдзеную яго прадзедам іконку Божае Маці.