Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту
27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту – масавага зьнішчэньня габрэяў нямецкімі нацыянал-сацыялістамі ў час Другой Сусьветнай Вайны.
На тэрыторыі Беларусі было забіта да 800 тысячаў габрэяў. Кожная восьмая ахвяра Галакосту ва ўсёй Эўропе – гэта жыхар Беларусі. Ахвяры Галакосту складаюць траціну агульных стратаў Беларусі ў Другой Сусьветнай Вайне.
У выніку Другой Сусьветнай Вайны і наступнай эміграцыі практычна зьнікла беларускае габрэйства, якое на працягу многіх стагодзьдзяў было неад’емным складнікам культурнага і этнічнага ляндшафту Беларусі.
На акупаваных нацыстамі тэрыторыях дзейнічалі Нюрнбэргскія расавыя законы, якія прадугледжвалі ізаляцыю габрэйскага насельніцтва ў гета і зьмяшчэньне яго ў канцэнтрацыйныя лягеры дзеля далейшага зьнішчэньня.
Масавыя забойствы пачаліся практычна адначасова з прыходам нямецкіх войскаў і доўжыліся амаль да самага канцу нямецкай акупацыі. Габрэйскія гета былі арганізаваныя ўва ўсіх буйных беларускіх гарадах.
Паводле большасьці навуковых крыніцаў, пад час акупацыі загінулі ад 600 да 800 тысячаў беларускіх габрэяў, што складала 74—82 % габрэйскага насельніцтва Беларусі. У масавым зьнішчэньні габрэяў таксама ўдзельнічалі мясцовыя і замежныя калябарацыяністы. Выпадкі перасьледу і забойстваў габрэяў зафіксаваныя таксама з боку польскіх і савецкіх партызанаў.
Агулам нацыстамі былі мэтанакіравана забітыя да шасьці мільёнаў этнічных габрэяў.
У паваенныя часы падзеі Галакосту ў Беларусі ды СССР замоўчваліся па ідэалягічных умовах. Сыстэматычная праца па ўшанаваньню памяці ахвяраў Галакосту пачалася толькі у 1991 годзе пасьля заканчэньня савецкай акупацыі Беларусі.