In Memoriam: Антон Шукелойць
7 студзеня на 102-м годзе жыцьця ня стала раднага БНР Антона Шукелойця, шматгадовага дзеяча й лідара беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амэрыкі, выбітнага беларускага пэдагога, дасьледчыка, актывіста.
Антон Шукелойць нарадзіўся 19 ліпеня 1915 г. у Ашмянскім павеце ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Жупранскай пачатковай школе й Ашмянскай польскай гімназіі.
У 1939 г. скончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Віленскага Ўнівэрсытэту. Падчас студэнцтва працаваў ва ўнівэрсытэцкім этнаграфічным музэю, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясьціны Беларусі.
Ужо ў юнацтве А. Шукелойць далучыўся да грамадзкага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі. У Вільні ён далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі “Золак”. Ва ўнівэрсытэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынёй). Сьпяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Па далучэньню Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Ён арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадзкога савета, загадчыкам гарадзкога аддзела народнай асьветы і школьным інспэктарам-мэтадыстам Ашмянскага раёна.
23 чэрвеня 1941 А. Шукелойць арыштаваны органамі НКВД, але вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.
Падчас нацыстоўскай акупацыі ён працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, потым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэя, кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы Беларускага культурнага згуртаваньня і школьным інспэктарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады.
У 1944 г. ён выехаў у Нямеччыну, дзе пасьля вайны працаваў у сыстэме адукацыі ў лягерах для перамешчаных асобаў, спрабаваў адшукаць сьляды вывезеных нацыстамі беларускіх музэйных каштоўнасьцяў.
У пачатку 1950-x гг. А. Шукелойць пераехаў у ЗША, дзе на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў быў актыўным удзельнікам і арганізатарам жыцьця беларускай дыяспары.
У 1975 – 2007 гг. А. Шукелойць быў Старшынём галоўнае ўправы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Апрача гэтага ён быў членам рэдакцыі газэты “Беларус”, членам БІНіМ у Нью-Ёрку.
Антон Шукелойць – аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, нэкралёгаў, апублікаваных у газэтах “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Аўтар матэрыялаў пра лёс музэйных фондаў, вывезеных зь Беларусі ў час Другой Сусьветнай Вайны ў Нямеччыну і Аўстрыю.
Зянон Пазьняк. Гутаркі з Антонам Шукелойцем (таксама тут)