In Memoriam Хведар Нюнька

15 жніўня 2018 года ня стала Хведара Нюнькі, сябры Прэзыдыюма Рады БНР, шматгадовага лідара беларускае меншасьці ў Літоўскай Рэспубліцы.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла заявіла:

«Хведар Нюнька быў сябрам Прэзыдыюму Рады БНР, быў вельмі адданым патрыётам-беларусам, і ўся дзейнасьць, якую я бачыла ў Вільні, была арганізаваная ім. Ён абсалютна ўсюды быў прысутны, меў добря стасункі зь літоўскім урадам, дзейнічаў эфэктыўна. Зь вялікім сумам даведалася пра ягоную сьмерць»

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі выказвае свае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Хведара Нюнькі.

***

Хведар Нюнька нарадзіўся ў вёсцы Алешавічы ў Мастоўскім раёне цяперашняй Гарадзенскай вобласьці. У 1936 годзе ягоная сям’я пераехала ў Шчучын, а ў 1943 годзе – у Вільню.

У 1948 годзе Х. Нюнька скончыў расейскую гімназію імя Чарняхоўскага, а 1953 годзе – лясны факультэт Летувіскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Да 1959 году ён працаваў паводле спэцыяльнасьці інжынэрам, пасьля чаго цягам 35 гадоў да 1992 году працаваў галоўным адмыслоўцам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні.

З 1980-х гадоў Хведар Нюнька вёў актыўную грамадзка-культурную працу па адраджэньні беларускасьці ў Летуве. З 1989 па 2014 гг. узначальваў Таварыства беларускае культуры ў Летуве.

З 1997 г. быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР.

You may also like...