In Memoriam Барыс Кіт
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае свой смутак з нагоды сьмерці Барыса Кіта – знакамітага навукоўца і беларускага патрыёта.
Барыс Кіт быў сучасьнікам, сьведкам і ўдзельнікам найбольш драматычных старонак беларускай гісторыі дваццатага стагодзьдзя.
Ён быў адным з апошніх жывых грамадзянаў Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 году, апошнім жывым яскравым прадстаўніком пакаленьня беларускіх актывістаў у міжваеннай Заходняй Беларусі. Ён быў выкладчыкам і дырэктарам легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, выпускнікамі якой сталі многія выбітныя беларускія дзеячы. Ён перажыў савецкую акупацыю ў 39-41 гг. і нямецкую акупацыю ў 41-44 гадах, ледзьве выратаваўшыся ад расправы з боку нацыстаў. Жыцьцёвы шлях Барыса Кіта – гэта шлях ўсяго беларускага руху апошняга стагодзьдзя: складаны, пакручасты, і ўрэшце пераможны.
Сваёй выбітнай міжнароднай навуковай кар’ерай пасьля вайны Барыс Кіт стаўся сымбалем таго, як беларус можа дабіцца посьпеху ў сьвеце, пры гэтым не губляючы сувязі з Бацькаўшчынай. Барыс Кіт – натхняльны прыклад для ўсіх нас, для тысячаў беларусаў у замежжы і для самой Беларусі. Ён паказаў, што мы можам дасягнуць міжнароднага прызнаньня, будучы вернымі сваім ідэалам, ідэалам 25 сакавіка і вольнай дэмакратычнай Беларусі, як быў ім да самога канца верны Барыс Кіт.
Нас пакінула сапраўды ўнікальная асоба.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі выказвае свае спачуаньні родным і сябрам Барыса Кіта.