In memoriam Юры Туронак

Юры Туронак (1929-2019), беларускі гісторык у Польшчы

3 студзеня 2019 году прыйшла навіна пра сьмерць Юрыя Туронка, знакамітага гісторыка і яскравага прадстаўніка беларускай меншасьці ў Польшчы.

Рада БНР паведамляе, што Юры Туронак уваходзіць у сьпіс узнагароджаных Мэдалём да Стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі, які быў зацьверджаны 24 сьнежня 2018 году.

Мэдаль будзе перададзены сям’і Юрыя Туронка.

Рада БНР выказвае свае шчырыя спачуваньні блізкім і сваякам выбітнага беларускага гісторыка, дастойнага быць ушанаваным сярод найлепшых з сваіх сучасьнікаў.

***

Юры Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 г. у Дукштах (сёньня — Літоўская Рэспубліка) у сям’і дзеяча заходнебеларускага руху. Скончыў Дукштанскую пачатковую школу (1942), вучыўся ў Віленскай гімназіі № 1. Зь перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945).

Скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дасьледуючы каньюнктуру міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Эўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэнэве.

Гістарычнымі дасьледаваньнямі займаецца з пачатку 1960-х. Доктар гісторыі (1986).

Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (шэсьць выданьняў: 1993-2007), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006).

// Радыё Свабода

You may also like...