да 80-х угодкаў ад нараджэньня Васіля БЫкава

АД РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ ДА 80-ГОДЗЬДЗЯ НАРОДЗІНАЎ СЬВ. ПАМ. ВАСІЛЯ БЫКАВА
ВАСІЛЬ БЫКАЎ У “ДАРОЗЕ ДАДОМУ”

Мала хто так глыбока разумеў і шырока раскрыў сутнасьць савецкага і постсавецкага рэжыму ў Беларусі, як Васіль Быкаў. У многіх сваіх мастацкіх творах ды ў выступленьнях на публічных форумах і ў публіцыстыцы Васіль Быкаў даў трапныя характырыстыкі й уніклівыя ацэнкі тым падзеям і зьявам, сьведкам або ўдзельнікам якіх ён быў сам. Сваім філязофскім розумам і патрыятычным сэрцам Васіль Быкаў спасьцігнуў народную праўду ды таленавіта і мужна выказаў яе.

Хоць Васіль Быкаў вярнуўся з выгнаньня на Бацькаўшчыну ды пахаваны ў роднай зямлі, сымбалічна ён яшчэ ў “доўгай дарозе дадому”. Ён дойдзе да Беларусі толькі тады, калі там запануе справядлівасьць, праўда ды пашана гістарычнае і культурнае спадчыны, узбагачэньню якое пісьменьнік і патрыёт прысьвяціў свой талент і сваё жыцьцё.

Нью-Ёрк, 19 чэрвеня 2004 г.