Іван Ермачэнка

13 траўня 1894 г. у Барысаўскім павеце нарадзіўся Іван Ермачэнка, беларускі вайсковец і дыплямат, афіцыйны прадстаўнік БНР у Канстантынопалі і на Балканах, адзін з арганізатараў Беларускага камітэту ў Турэччыне, ад’ютант расейскага генэрала Петра Врангеля.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Неўзабаве сям’я пераехала ў Маскву, дзе бацька Івана Ермачэнкі працаваў на чыгунцы.

Скончыў гімназію ў Маскве, паступіў на электратэхнічны факультэт, але вучобу перапыніла Першая Сусьветная Вайна. Падчас вайны скончыў школу прапаршчыкаў, служыў у расейскай арміі і быў накіраваны на фронт, дзе даслужыўся да паручніка. Меў некалькі ўзнагарод. У 1918 г. трапіў у палон, адкуль уцёк.

У грамадзянскую вайну афіцэр белай арміі, ад’ютант генэрала Петра Врангеля, меў ранг падпалкоўніка.

У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстантынопаль, дзе далучыўся да беларускага руху. У 1921 г. прадстаўнік урада БНР у Канстантынопалі і генэральны консул на Балканах; заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Баўгарыі. Быў адным з арганізатараў Беларускага камітэту ў Турэччыне.

 

Даведка аб Іване Ермачэнку як беларускім прадстаўніку ў Канстантынопале

Даведка аб Іване Ермачэнку як беларускім прадстаўніку ў Канстантынопале (тэкст)

У 1922 г. намесьнік міністра замежных справаў БНР у Коўне. Пераехаў у Прагу. Скончыў мэдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэта (1929). Займаўся лекарскай практыкай і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю сярод беларускай эміграцыі. Узначальваў беларускі аддзел таварыства «Сокал». Фундатар часопісу «Іскры Скарыны». 3 1938 г. — куратар беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

У 1940 г. заснаваў у Празе Беларускі камітэт самапомачы, стварыў уласнае прыватнае выдавецтва, што выпусьціла пяць кніг.

З 22 кастрычніка 1941 г. старшыня Беларускай народнай самапомачы (БНС) ў акупаваным нацыстамі Менску. БНС задумвалася акупацыйнымі ўладамі як дабрачынная арганізацыя для апекі над беднымі слаямі насельніцтва. Але дбаньнем Івана Ермачэнкі ўдалося стварыць агульнабеларускую арганізацыю, якая займалася ня толькі сацыяльнымі праблемамі, але і пытаньнямі школьніцтва, культуры, грамадзкага жыцьця.

У чэрвені 1942 г. пры БНС быў створаны Вольны корпус беларускай самааховы для барацьбы з партызнамі, на чале якога стаў падпалкоўнік Ермачэнка.

У пачатку 1943 г. гітлераўскія спэцслужбы пачалі працу супраць Ермачэнкі, пабачыўшы ва ўзвышэньні гэтага дзеяча небясьпеку. 27 красавіка 1943 г. Ермачэнка высланы ў Прагу пад нягляд Gestapo. Пасьля забойства савецкімі падпольшчыкамі нямецкага гаўляйтэра Кубэ 22 верасня 1943 г. Ермачэнка быў арыштаваны па падазрэнні ў датычнасьці да гэтай падзеі.

У пачатку 1945 г. выехаў на захад Нямеччыны. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны працаваў у міжнародных структурах ААН (UNRRA). У канцы 1947 — пачатку 1948 гг. пераехаў у Нью-Ёрк; працаваў лекарам.

Удзельнічаў у жыцьці беларускай дыяспары ў ЗША, быў адным з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амэрыцы».

Памёр у 1970 годзе ў Флярыдзе.

You may also like...